﻿ЯРЭМІЯ.
48.
Адносна Мааву. «Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Гора Нэво, бо ён зьнішчаны, і Кірыятаім асаромлены і здабыты, асаромлены замак і напалоханы. 
Няма больш славы ў Мааве! У Хешбоне задумляюць ліхоту супраць яго: “Хадзем, выгубім яго спаміж народаў”. Таксама ты, Мадмэн, замоўкнеш, за табою прыйдзе меч. 
Голас крыку з Харанаіму: “Спусташэньне і бяда вялікая”. 
Мааў пераможаны! Чуваць крык аж да Цаару. 
Праз вандол у Люхіт узыходзяць, плачучы, на схіле Харанаіму чутна галашэньне пра загубу: 
“Уцякайце! Ратуйце душы вашыя і будзеце як той верас у пустыні”. 
За тое, што ты спадзяваўся на справы твае і на скарбы твае, ты таксама будзеш здабыты, і Кемош пойдзе на выгнаньне, і разам з ім сьвятары ягоныя і князі ягоныя. 
І прыйдзе руйнаваньне ў кожны горад, і ніводзін горад не ўратуецца, і загіне даліна, і будзе зьнішчана раўніна, бо гэта сказаў ГОСПАД. 
Дайце крылы Мааву, і ён паляціць, і гарады ягоныя стануцца пустэчаю, і ня будзе жыхароў у іх. 
Пракляты, хто выконвае справу ГОСПАДА нядбала! Пракляты, хто меч Ягоны стрымлівае ад крыві! 
Мааў цешыўся супакоем ад юнацтва свайго і адпачываў спакойна на дражджах сваіх, і ня быў пераліваны з пасудзіны ў пасудзіну, і не ішоў на выгнаньне. Таму захаваў ён смак свой, і пах ягоны не зьмяніўся. 
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я пашлю да яго тых, якія наліваюць віно, і яны перальюць яго, і посуд ягоны спустошаць, і збаны ягоныя патаўкуць. 
І будзе саромецца Мааў дзеля Кемоша, як дом Ізраіля саромеўся дзеля Бэтэлю, на які спадзяваўся. 
Як вы можаце казаць: “Мы — волаты і ваяры ў бітве”? 
Той, хто зьнішчыць Мааў і гарады ягоныя, прыходзіць, і найлепшыя юнакі ягоныя пойдуць на зарэз, кажа Валадар, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. 
Набліжаецца загуба Мааву, вельмі сьпяшаецца бяда ягоная. 
Спачувайце яму, усе, хто навокал яго, і ўсе, якія ведаеце імя ягонае, і кажыце: “Як зламаны скіпетр моцны, кій слаўны!” 
Зыйдзі са славы сваёй і сядзь у сухой зямлі, дачка Дыбону, бо прыйшоў да цябе нішчыцель Мааву, і ён зруйнуе цьвярдыні твае. 
Стань каля дарогі і глядзі, жыхарка Араэру, і пытайся таго, хто ўцёк, і таго, хто ўратаваўся, і кажы: “Што сталася?” 
Мааў асаромлены, бо зламаны. Крычыце і галасіце, і паведамце ў Арноне, што спустошаны Мааў. 
Прыходзіць суд на зямлю раўнінную, на Халён, на Ягцу, на Мэфаат, 
на Дыбон, на Нэво, на Бэт-Дыблатаім, 
на Кірыятаім, на Бэт-Гамуль, на Бэт-Мэон, 
на Керыёт, на Боцру і на ўсе гарады зямлі Мааў, далёкія і блізкія. 
Адсечаны рог Мааву, і зломлена рамяно ягонае, кажа ГОСПАД. 
Напаіце яго, бо ён узьвялічваўся супраць ГОСПАДА, і няхай паваліцца Мааў у ванітаваньні свае і станецца пасьмешышчам. 
Ці ня быў для цябе пасьмешышчам Ізраіль? Хіба ён знойдзены сярод злодзеяў, што ты ківаеш галавою, калі пра яго гаворыш? 
Пакідайце гарады і жывіце сярод скалаў, жыхары Мааву, і будзьце як голуб, які віе гняздо на збоччах на краі стромы. 
Мы чулі пра пыхлівасьць Мааву, ганарыстасьць вялікую, пра фанабэрыстасьць ягоную і пра зухвальства ягонае, пра пыхлівасьць ягоную і надзьмутасьць сэрца ягонага. 
Я ведаю, кажа ГОСПАД, дзёрзкасьць ягоную, і што пустая пахвальба ягоная, і нявартае тое, што робяць яны. 
Дзеля таго Я галашу дзеля Мааву, і дзеля ўсяго Мааву лямантую, і бядую дзеля людзей Кір-Хэрэсу. 
Больш, чым дзеля Язэру, Я плачу дзеля цябе, вінаграднік Сібмы! Парасткі твае дайшлі аж да мора і сягаюць аж да мора Язэру, але напаў нішчыцель на сьпелы плод твой і на вінаград твой. 
І забраныя радасьць і пацеха з вінаградніку і з зямлі Мааў, і Я скончу віно ў тоўчнях, ніхто яго не выціскае з радаснай песьняй, і радасная песьня ўжо ня радасная песьня. 
Ад крыку з Хешбону аж да Элеале, аж да Ягацу даходзіць голас іхні, ад Цаару да Харанаіму і да Эглят-Шэлішыі, бо нават воды Німрыму стануць сухой зямлёю. 
Я выгублю ў Мааве, кажа ГОСПАД, таго, хто ўзыходзіць на ўзгоркі і кадзіць багам сваім. 
Дзеля гэтага сэрца Маё дзеля Мааву як жалейка стогне, і дзеля людзей Кір-Хэрэсу як жалейка стогне, бо ўсё, што яны сабралі, прапала. 
Бо кожная галава аблысела, і кожная барада абголена, на ўсіх руках — нарэзы, і на сьцёгнах — зрэбніца. 
На ўсіх дахах Мааву і на плошчах ягоных лямант вялікі, бо Я раструшчыў Мааў, як посуд гліняны, які не падабаецца, кажа ГОСПАД. 
Які ён раструшчаны! Галасіце! Як Мааў уцякаў асаромлены! І стаўся Мааў пасьмешышчам і страхоцьцем для ўсіх навокал. 
Бо гэта кажа ГОСПАД. Вось, ён прыляціць, як арол, і раскіне крылы свае над Маавам. 
Керыёт будзе здабыты, і крэпасьці захопленыя. І будзе сэрца волатаў Мааву ў той дзень, як сэрца жанчыны, якая нараджае. 
І будзе зьнішчаны Мааў як народ, бо ўзьвялічваўся супраць ГОСПАДА. 
Жах, яма і пастка для цябе, жыхар Мааву, кажа ГОСПАД. 
Хто ўцячэ ад жаху, упадзе ў яму, а хто вылезе з ямы, будзе схоплены ў пастку, бо Я прывяду на Мааў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД. 
У ценю Хешбону стануць зьнясіленыя ўцекачы, але агонь выйдзе з Хешбону, і полымя — з сярэдзіны Сыгону, і праглыне бакі Мааву і цемя сыноў бунту. 
Гора табе, Мааў! Загінуў народ Кемоша, бо сыны твае ўзятыя ў палон, і дочкі твае — у няволі. 
Але Я вярну палонных Мааву ў будучыя дні, кажа ГОС­ПАД. Аж дасюль суд над Маавам». 
