﻿ЯРЭМІЯ.
47.
Слова ГОСПАДА, якое было да Ярэміі прарока адносна Філістынцаў, перш, чым фараон здабыў Газу: 
«Гэта кажа ГОСПАД. Вось, воды падымаюцца з поўначы, і будуць яны як ручай залеўны, і зальюць зямлю і ўсё, што на ёй, горад і жыхароў у ім, і будуць крычаць людзі, і загалосяць усе жыхары зямлі. 
Ад тупату капытоў дужых коней ягоных, ад лязгату калясьніцаў ягоных і грукату колаў іхніх бацькі ня зьвернуцца да сыноў, бо самлеюць ім рукі, 
бо надыйшоў дзень, каб зьнішчыць усіх Філістынцаў, каб выгубіць у Тыры і Сідоне ўсіх памочнікаў, якія засталіся. Бо ГОСПАД зьнішчыць Філістынцаў і рэшту вострава Кафтор. 
Аблысела Газа, зьнямеў Ашкелён. Рэшта даліны іхняй, як доўга будзеце рабіць сабе нарэзы? 
Гора! Меч ГОСПАДА, як доўга ты не супачынеш? Вярніся ў похвы свае, супакойся і суцішся! 
Але як ён супакоіцца, калі ГОСПАД загадаў яму, супраць Ашкелёну і супраць узьбярэжжа мора скіраваў яго». 
