﻿ЯРЭМІЯ.
41.
І сталася ў сёмым месяцы, прыйшоў Ізмаэль, сын Нэтаніі, сына Элішамы, з насеньня валадарскага, і начальнікі валадара, і дзесяць чалавек з ім да Гедаліі, сына Ахікама, у Міцпу, і елі там разам хлеб у Міцпе. 
І ўстаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, і дзесяць чалавек, якія былі з ім, і ўдарылі Гедалію, сына Ахікама, сына Шафана. І забіў Ізмаэль таго, каго валадар Бабілонскі прызначыў начальнікам у зямлі Юды. 
І забіў Ізмаэль усіх Юдэяў, якія былі з Гедаліем у Міцпе, і Халдэйцаў ваяроў, якія там былі. 
І сталася на другі дзень пасьля забойства, калі яшчэ ніхто пра гэта ня ведаў, 
прыйшлі людзі з Сыхему, з Шыло і Самарыі, восемдзясят чалавек з паголенымі бародамі, разьдзёртымі шатамі і нарэзамі на целе, і ў руках іхніх былі ахвяры хлебныя і кадзіла, каб прынесьці гэта ў Дом ГОСПАДА. 
І выйшаў Ізмаэль, сын Нэтаніі, насустрач ім з Міцпы, а яны, ідучы, ішлі і плакалі. І сталася, калі ён сустрэў іх, сказаў ім: «Ідзіце да Гедаліі, сына Ахікама!» 
І сталася, калі ўвайшлі яны ў сярэдзіну горада, пазабіваў іх Ізмаэль, сын Нэтаніі, ён і людзі, якія былі з ім, і ўкінуў іх у сярэдзіну ямы. 
І знайшлося дзесяць чалавек сярод іх, і яны сказалі Ізмаэлю: «Не забівай нас, бо маем у полі схаваныя запасы: пшаніцу, ячмень, алей і мёд». І ён спыніўся, і не забіў іх разам з братамі іхнімі. 
А яма, у якую Ізмаэль кідаў усе трупы людзей, якіх забіў разам з Гедаліем, была тою ямаю, якую зрабіў валадар Аса супраць Баашы, валадара Ізраіля. Гэтую яму Ізмаэль, сын Нэтаніі, запоўніў забітымі. 
І паланіў Ізмаэль усю рэшту народу, які быў у Міцпе, і дочак валадара, і ўвесь народ, які застаўся, якіх Нэвузарадан, начальнік целаахоўнікаў, даручыў Гедаліі, сыну Ахікама. І забраў іх з сабою Ізмаэль, сын Нэтаніі, і адыйшоў, каб перайсьці да сыноў Амона. 
І пачуў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія былі з ім, пра ўсё ліха, якое ўчыніў Ізмаэль, сын Нэтаніі, 
і сабралі яны ўсіх людзей, і пайшлі ваяваць з Ізмаэлем, сынам Нэтаніі. І знайшлі яны яго пры водах вялікіх, якія ў Гібэоне. 
І сталася, калі ўвесь народ, які быў з Ізмаэлем, убачыў Ёханана, сына Карэаха, і ўсіх князёў войска, якія былі з ім, яны ўзрадаваліся, 
і адвярнуўся ўвесь народ, якога вывеў Ізмаэль з Міцпы, і вярнуліся, і перайшлі да Ёханана, сына Карэаха. 
А Ізмаэль, сын Нэтаніі, уцёк з васьмёма людзьмі ад аблічча Ёханана і перайшоў да сыноў Амона. 
І ўзяў Ёханан, сын Карэаха, і ўсе князі войска, якія з ім, усю рэшту народу, якую вывеў Ізмаэль, сын Нэтаніі, з Міцпы пасьля таго, як забіў Гедалію, сына Ахікама, ваяроў, жанчынаў, дзяцей і эўнухаў, якіх Ёханан вярнуў з Гібэону, 
і пайшлі яны, і затрымаліся ў Герут-Кімгаме, які блізка Бэтлеему, каб ісьці далей і перайсьці ў Эгіпет 
далей ад аблічча Халдэйцаў, бо яны баяліся іх, бо Ізмаэль, сын Нэтаніі, забіў Гедалію, сына Ахікама, якога валадар Бабілонскі прызначыў над зямлёй Юды. 
