﻿ЯРЭМІЯ.
37.
І заваладарыў Сэдэкія, сын Ёсіі, замест Коніі, сына Егаякіма. Яго паставіў як валадара ў Юдзе Навухаданосар, валадар Ба­білонскі. 
Але ані ён, ані слугі ягоныя, ані народ зямлі гэтай ня слухалі словаў ГОСПАДА, якія Ён прамаўляў да іх праз рукі Ярэміі прарока. 
І паслаў валадар Сэдэкія Егухаля, сына Шэлеміі, і Сафонію, сына Маасэі, сьвятара, да Ярэміі прарока, кажучы: 
«Памаліся, прашу, за нас да ГОСПАДА, Бога нашага!» А Ярэмія тады хадзіў і выходзіў сярод народу і ня быў яшчэ ўкінуты ў вязьніцу. 
І войска фараона выйшла з Эгіпту, і пачулі вестку пра гэта Халдэйцы, якія аблягалі Ерусалім, і адступілі ад Ерусаліму. 
І было слова ад ГОСПАДА да Ярэміі прарока, кажучы: 
«Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Так скажаце валадару Юды, які паслаў вас да Мяне шукаць параду: “Вось, войска фараона сьпяшаецца вам на дапамогу. Яно вернецца ў зямлю сваю, у Эгіпет. 
І вернуцца Халдэйцы, і будуць ваяваць супраць гораду гэтага, і здабудуць яго, і спаляць яго агнём”. 
Гэта кажа ГОСПАД. Не ашуквайце душаў вашых, кажучы: “Адыходзячы, адыйдуць Халдэйцы!”, бо яны не адыйдуць ад вас. 
Нават калі б вы пабілі ўсё войска Халдэйцаў, якія ваю­юць з вамі, і засталіся б з іх толькі параненыя, і тады кожны з іх падымецца з намёту свайго, і яны спаляць горад гэты агнём». 
І сталася, калі адступіла войска Халдэйцаў ад Ерусаліму ад аблічча войска фараона, 
выйшаў Ярэмія з Ерусаліму, каб ісьці ў зямлю Бэн’яміна і там падзяліць спадчыну сярод народу. 
І калі ён быў пры браме Бэн’яміна, быў там начальнік варты на імя Ірыя, сын Шэлеміі, сына Хананіі, і ён схапіў Ярэмію прарока, кажучы: «Ты пераходзіш да Халдэйцаў». 
І сказаў Ярэмія: «Хлусьня! Я не пераходжу да Халдэйцаў!» Але той ня слухаў яго. І схапіў Ірыя Ярэмію, і завёў яго да князёў. 
І разгневаліся князі на Ярэмію, і білі яго, і ўкінулі ў вязьніцу ў доме Ёнатана пісара, бо з яго зрабілі вязьніцу. 
І зыйшоў Ярэмія ў лёх, у сутарэньні, і быў там шмат дзён. 
І паслаў валадар Сэдэкія, і прывялі яго, і пытаўся ў яго валадар таемна ў доме сваім, і сказаў: «Ці ты маеш слова ад ГОСПАДА?» І сказаў Ярэмія: «Маю». І сказаў далей: «Ты будзеш выдадзены ў руку валадара Бабілонскага». 
І сказаў Ярэмія валадару Сэдэкіі: «Чым саграшыў я перад табою, і перад слугамі тваімі, і перад народам гэтым, што ўкінулі мяне ў вязьніцу? 
Дзе прарокі вашыя, якія прарочылі вам, кажучы: “Ня прыйдзе валадар Бабілонскі супраць вас і супраць зямлі гэтай”? 
І цяпер паслухай, прашу, гаспадару мой, валадар! Няхай маленьне маё прыйдзе, прашу, перад аблічча тваё! Не вяртай мяне ў дом Ёнатана пісара, і я не памру там». 
І загадаў валадар Сэдэкія, і трымалі Ярэмію на панадворку вартоўні, і давалі яму што­дзень па кавалку хлеба з вуліцы пекараў, пакуль ня скончыўся ўвесь хлеб у гора­дзе. І заставаўся Ярэмія на панадворку вартоўні. 
