﻿ЯРЭМІЯ.
36.
І сталася ў чацьвёртым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, і было слова да Ярэміі ад ГОСПАДА, кажучы: 
«Вазьмі сабе скрутак кнігі і запішы на ім усе словы, якія Я прамовіў да цябе пра Ізраіль, пра Юду і пра ўсе народы ад дня, калі Я пачаў прамаўляць да цябе, ад дзён Ёсіі аж да дня сёньняшняга. 
Можа, пачуе дом Юды пра ўсё ліха, якое Я маю намер учыніць ім, і адвернецца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я прабачу беззаконьні іхнія і грахі іхнія». 
І паклікаў Ярэмія Баруха, сына Нэрыя, і напісаў Барух з вуснаў Ярэміі ў скрутку кнігі ўсе словы ГОСПАДА, якія Ён прамовіў яму. 
І загадаў Ярэмія Баруху, кажучы: «Мне забаронена і я не магу ўвайсьці ў Дом ГОСПАДА. 
Таму пойдзеш ты і прачытаеш са скрутка словы ГОСПАДА, якія ты напісаў з вуснаў Маіх, у вушы народу ў Доме ГОСПАДА ў дзень посту. Таксама ў вушы ўсяго Юды, які прыходзіць з гарадоў сваіх, прачытаеш гэта. 
Можа, дойдзе маленьне іхняе перад аблічча ГОСПАДА, і яны адвернуцца ад шляху свайго ліхога? Бо вялікі гнеў і лютасьць, пра якія прамовіў ГОСПАД народу гэтаму». 
І Барух, сын Нэрыя, зрабіў усё, што загадаў яму Ярэмія прарок, каб прачытаў з кнігі словы ГОСПАДА ў Доме ГОСПАДА. 
І сталася ў пятым годзе Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, што ў дзявятым месяцы быў аб’яўлены пост перад абліччам ГОСПАДА для ўсяго народу ў Ерусаліме і для ўсяго народу, які прыходзіў з гарадоў Юды ў Ерусалім. 
І прачытаў Барух з кнігі ў вушы народу словы Ярэміі ў Доме ГОСПАДА ў пакоі Гемарыі, сына Шафана, пісара, на верхнім панадворку каля ўваходу ў Браму Новую Дома ГОСПАДА. 
І пачуў Міхей, сын Гемарыі, сына Шафана, усе словы ГОСПАДА з кнігі. 
І ён зыйшоў у дом валадара ў пакоі пісара. І вось, там сядзелі ўсе князі: Элішама, пісар, і Дэлая, сын Шэмаі, і Эльнатан, сын Ахбора, і Гемарыя, сын Шафана, і Сэдэкія, сын Хананіі, і іншыя князі. 
І паведаміў ім Міхей усе словы, якія пачуў, калі Барух чытаў з кнігі ў вушы народу. 
І паслалі ўсе князі да Баруха Егудыя, сына Нэтаніі, сына Шэлеміі, сына Кушы, кажучы: «Вазьмі ў руку тваю скрутак, з якога ты чытаў у вушы народу, і прыходзь!» І ўзяў Барух, сын Нэрыі, скрутак у руку сваю, і прыйшоў да іх. 
І яны сказалі яму: «Сядзь, калі ласка, і прачытай гэта ў вушы нашыя». І прачытаў Барух словы ў вушы іхнія. 
І сталася, калі яны пачулі ўсе словы гэтыя, яны спалохаліся адзін перад адным і сказалі Баруху: «Паведамляючы, паведамім валадару ўсе словы гэтыя». 
І запыталі яны ў Баруха, кажучы: «Скажы, калі ласка, нам, як ты напісаў усе словы гэтыя з вуснаў ягоных?» 
І Барух сказаў ім: «Вуснамі сваімі ён дыктаваў мне ўсе словы гэтыя, а я запісваў іх атрамантам у кнізе». 
І сказалі князі Баруху: «Ідзі, схавайся, ты і Ярэмія, і няхай ніхто ня ведае, дзе вы». 
І яны пайшлі да валадара на панадворак палацу, а скрутак пакінулі ў пакоі пісара Элішамы, і паведамілі ў вушы валадара. 
І паслаў валадар Егудыя, каб прынёс скрутак. І Егудый узяў яго з пакоя Элішамы пісара, і прачытаў яго ў вушы валадара і ў вушы ўсіх князёў, якія стаялі пры валадары. 
А валадар сядзеў у доме зімовым у дзявятым месяцы, і перад абліччам ягоным стаяла жарніца з распаленым вугольлем. 
І сталася, калі Егудый прачытваў тры ці чатыры слупкі, адразаў іх валадар сьцізорыкам пісарскім і кідаў у агонь, які быў у жарніцы, пакуль увесь скрутак не згарэў у агні, які быў у жарніцы. 
І не спалохаліся, і не разьдзёрлі шатаў сваіх валадар і ўсе слугі ягоныя, якія слухалі ўсе словы гэтыя. 
І хоць Эльнатан, Дэлая і Гемарыя прасілі валадара не паліць скрутак, ён іх не паслухаў. 
І загадаў валадар Ерахмээлю, сыну валадара, і Сэраі, сыну Азрыэля, і Шэлеміі, сыну Абдээля, схапіць Баруха пісара і Ярэмію прарока, але ГОСПАД схаваў іх. 
І было слова ГОСПАДА да Ярэміі пасьля таго, як валадар спаліў скрутак са словамі, якія Барух напісаў з вуснаў Ярэміі, кажучы: 
«Павярніся і вазьмі сабе іншы скрутак, і напішы на ім усе словы папярэднія, якія былі ў першым скрутку, які спаліў Егаякім, валадар Юды. 
А пра Егаякіма, валадара Юды, скажаш: “Гэта кажа ГОСПАД. Ты спаліў скрутак гэты, кажучы: "Навошта ты напісаў у ім, кажучы: “Прыходзячы, прыйдзе валадар Бабілонскі і зьнішчыць зямлю гэтую, і вынішчыць з яе людзей і быдла”?" 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра Егаякіма, валадара Юды. Ня будзе ў яго таго, хто будзе сядзець на пасадзе Давіда. Труп ягоны будзе выстаўлены на сьпёку ўдзень і на холад уначы. 
І Я наведаю яго і насеньне ягонае, і слугаў ягоных за беззаконьні іхнія, і навяду на іх, і на жыхароў Ерусаліму, і на мужоў Юды ўсё ліха, пра якое Я прамовіў да іх, а яны ня слухалі”». 
І Ярэмія ўзяў іншы скрутак, і даў яго Баруху, сыну Нэрыі, пісару, і той напісаў на ім з вуснаў Ярэміі ўсе словы кнігі, якую спаліў Егаякім, валадар Юды. І было дададзена да іх яшчэ шмат падобных словаў. 
