﻿ЯРЭМІЯ.
26.
На пачатку валадараньня Егаякіма, сына Ёсіі, валадара Юды, было слова гэтае ад ГОСПАДА, кажучы: 
«Гэта кажа ГОСПАД. Стань на панадворку Дому ГОСПАДА і прамаўляй да жыхароў усіх гарадоў Юды, якія прыходзяць у Дом ГОСПАДА пакланіцца, усе словы, якія Я загадаў табе казаць, не абміні ані слова! 
Можа, яны паслухаюць і адвернуцца кожны ад шляху свайго ліхога, і Я пашкадую ўчыніць зло, якое Я задумаў зрабіць ім з прычыны ліхоты ўчынкаў іхніх. 
І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Калі вы не паслухаеце Мяне, каб хадзіць паводле Закону Майго, які Я паставіў перад абліччам вашым, 
каб слухаць словы слугаў Маіх прарокаў, якіх Я пасылаў да вас, устаючы ўначы і пасылаючы, але вы ня слухалі. 
І Я зраблю з домам гэтым, як з Шыло, і горад гэты дам на праклён усім народам зямлі”». 
І чулі сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ Ярэмію, які прамаўляў словы гэтыя ў Доме ГОСПАДА. 
І сталася, калі Ярэмія скончыў прамаўляць усё, што загадаў яму ГОСПАД прамовіць да ўсяго народу, схапілі яго сьвятары, і прарокі, і ўвесь народ, кажучы: «Ты сьмерцю памрэш! 
Навошта ты прарочыў у імя ГОСПАДА, кажучы: “Як Шыло будзе Дом гэты, і горад гэты будзе зруйнаваны і будзе бязьлюдным”?» І ўвесь народ сабраўся супраць Ярэміі ў Доме ГОСПАДА. 
І пачулі князі Юды словы гэтыя, і выйшлі з дому валадара ў Дом ГОСПАДА, і селі каля ўваходу Новай Брамы ў Доме ГОСПАДА. 
І сказалі сьвятары і прарокі да князёў і да ўсяго народу, кажучы: «Прысуд сьмерці для чалавека гэтага, бо ён прарочыў супраць гораду гэтага, як гэта вы чулі ў вушах вашых». 
І сказаў Ярэмія да ўсіх князёў і да ўсяго народу: «ГОСПАД паслаў мяне, каб прарочыць супраць Дому гэтага і супраць гораду гэтага ўсе словы, якія вы чулі. 
І цяпер выпраўце шляхі вашыя і ўчынкі вашыя, і слухайце голас ГОСПАДА, Бога вашага, і ГОСПАД пашкадуе ўчыніць ліха, якое Ён прамовіў супраць вас. 
А я, вось, у руках вашых. Рабіце са мной, што добра і справядліва ў вачах вашых. 
Толькі, ведаючы, ведайце, што калі вы заб’яцё мяне, кроў нявінную вы сьцягнеце на сябе, і на горад гэты, і на жыхароў ягоных, бо сапраўды паслаў мяне ГОСПАД да вас, каб прамовіць да вас усе словы гэтыя». 
І сказалі князі і ўвесь народ да сьвятароў і да прарокаў: «Не для чалавека гэтага прысуд сьмерці, бо ён прамаўляў да нас у імя ГОСПАДА, Бога нашага». 
І падняліся мужы спаміж старшыняў зямлі, і сказалі ўсёй царкве народу, кажучы: 
«Міхей з Марэшэту прарочыў у дні Эзэкіі, валадара Юды, і ён казаў да ўсяго народу Юды, кажучы: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Сыён будзе заараны як поле, Ерусалім станецца руінамі, а гара Дому Божага — узгоркам лясным”. 
Ці сапраўды забіў яго Эзэкія, валадар Юды, і ўвесь Юда? Ці ж не спалохаўся ён ГОСПАДА і ці не маліў аблічча ГОСПАДА, і ГОСПАД пашкадаваў, і не ўчыніў зла, якое прамовіў супраць іх. А мы хочам учыніць зло вялікае адносна душаў нашых». 
Быў таксама чалавек, які прарочыў у імя ГОСПАДА, Урыя, сын Шэмаі з Кірыят-Ярыму. Ён прарочыў супраць гораду гэтага і супраць зямлі гэтай словамі, як усе словы Ярэміі. 
І пачулі валадар Егаякім і ўсе магнаты ягоныя, і ўсе князі словы ягоныя; і валадар шукаў, каб забіць яго. І пачуў Урыя пра гэта, і спалохаўся, і ўцёк, і прыйшоў у Эгіпет. 
І паслаў валадар Егаякім у Эгіпет Эльнатана, сына Ахбора, і людзей з ім у Эгіпет. 
І яны вывелі Урыю з Эгіпту, і прывялі да валадара Егаякіма, і той ударыў яго мячом, і парэшткі ягоныя ўкінуў у магілу сыноў народу. 
Аднак рука Ахікама, сына Шафана, была з Ярэміем, каб ня быў ён аддадзены ў рукі народу, каб забілі яго. 
