﻿ЯРЭМІЯ.
23.
«Гора пастырам, якія губяць і разганяюць авечак статку Майго, кажа ГОСПАД. 
Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД, Бог Ізраіля пра пастыраў, якія пасьвяць народ Мой: “Вы расьцярушылі авечак Маіх, і разагналі іх, і ня рупіліся пра іх. Вось, Я наведаю вас за ліхоту ўчынкаў вашых, кажа ГОСПАД. 
І Я зьбяру рэшту авечак Маіх з усіх земляў, у якія Я выгнаў іх, і вярну іх на пашы іхнія, і будуць яны расьці, і памножацца. 
І Я пастаўлю над імі пастыраў, і яны будуць пасьвіць іх; і ня будуць яны больш палохацца і баяцца, і ня будуць загубленыя, кажа ГОСПАД. 
Вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і Я вырашчу Давіду Парастак праведны, і будзе валадарыць Валадар, і Ён будзе справядлівы, і Ён будзе чыніць суд і праведнасьць на зямлі. 
У дні Ягоныя будзе збаўлены Юда, і Ізраіль будзе жыць бясьпечна. А гэта імя Ягонае, якім назавуць Яго: "ГОСПАД — праведнасьць нашая". 
Дзеля гэтага вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і ня будуць больш казаць: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў сыноў Ізраіля з зямлі Эгіпецкай!", 
але: "Як жывы ГОСПАД, Які вывеў і прывёў насеньне дому Ізраіля з зямлі паўночнай і з усіх земляў, у якія выгнаў іх, і будуць яны жыць у зямлі сваёй"”». 
Пра прарокаў. «Разрываецца сэрца маё ў нутры маім, дрыжаць усе косткі мае. Я стаўся, як п’яны, як муж, які перапоўнены віном з прычыны ГОСПАДА і сьвятых словаў Ягоных. 
Бо зямля напоўнена чужаложнікамі, бо з прычыны праклёну ў жалобе ўся зямля, высахлі пашы ў пустыні, і хада іхняя сталася ліхой, і сіла іхняя — у няправасьці. 
Бо і прарок, і сьвятар сапсаваныя, і нават у Доме Маім знайшоў Я ліхоту іхнюю, кажа ГОСПАД. 
Дзеля гэтага шлях іхні будзе сьлізкі для іх, у цемры будуць спатыкацца і ўпадуць, бо Я прывяду на іх ліха ў год наведваньня іхняга, кажа ГОСПАД. 
І сярод прарокаў Самарыі Я бачыў бязглуздасьць, яны прарочылі ў імя Баала і падманвалі народ Мой, Ізраіля. 
І ў прарокаў Ерусаліму Я бачыў брыдоту, чужалоства і хаджэньне ў хлусьні, яны ўмацоўваюць рукі злачынцаў, каб ніхто не навярнуўся ад ліхоты сваёй. Сталіся яны ўсе для Мяне, як Садом, і жыхары ягоныя, як Гамора. 
Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД Магуцьцяў пра прарокаў гэтых: “Вось, Я накармлю іх палыном і напаю іх вадою атрутнаю, бо ад прарокаў Ерусалімскіх выйшла бязбожнасьць на ўсю зямлю гэтую”. 
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў: “Ня слухайце словаў прарокаў, якія прарочаць вам. Яны зводзяць вас; прамаўляюць прыдумкі сэрца свайго, а ня слова з вуснаў ГОСПАДА. 
Яны, кажучы, кажуць тым, якія абражаюць Мяне: “Прамовіў ГОСПАД. Будзе мір вам”. І кожнаму, хто ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго, кажуць: “Ня прыйдзе да вас зло”. 
Бо хто стаяў на нарадзе ў ГОСПАДА, і бачыў, і чуў словы Ягоныя? Хто прыслухоўваўся да слова Ягонага і пачуў? 
Вось, бура ад ГОСПАДА, лютасьць выходзіць, і віхор шалее і спадае на галаву бязбожнікаў. 
Ня вернецца гнеў ГОСПАДА, пакуль Ён ня зьдзейсьніць і пакуль ня выканае намераў сэрца Свайго. У апошнія дні зразумееце гэта ў поўні. 
Я не пасылаў прарокаў гэтых, а яны самі пабеглі. Я не прамаўляў да іх, а яны прарочаць. 
Калі б яны стаялі на нарадзе Маёй, яны б абвесьцілі словы Мае народу Майму і адвярнулі б іх ад ліхога шляху іхняга і ад ліхоты ўчынкаў іхніх. 
Ці ж Я — Бог, калі Я блізка, кажа ГОСПАД, а ня Бог, калі Я далёка? 
Калі чалавек схаваецца ў схове, ці ж Я ня ўбачу яго? — кажа ГОСПАД. Ці ж Я не напаўняю неба і зямлю? — кажа ГОСПАД. 
Я чуў, што кажуць прарокі, прарочачы ў імя Маё хлусьню і кажучы: “Меў я сон, меў я сон”. 
Як доўга будзе гэта ў сэрцы прарокаў, якія прарочаць хлусьню і праракуюць прыдумкі сэрца свайго? 
Яны задумалі зрабіць, каб праз сны іхнія, якія яны распавядаюць адзін аднаму, народ Мой забыўся на імя Маё, як забыліся бацькі іхнія на імя Маё з прычыны Баала. 
Прарок, які мае сон, няхай распавядае сон, а хто мае слова Маё, той няхай абвяшчае слова Маё праўдзіва! Што мае салома з зернем? — кажа ГОСПАД. 
Ці ж словы Мае ня ёсьць, як агонь, кажа ГОСПАД, і быццам молат, які крышыць скалу? 
Дзеля гэтага Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія крадуць адзін у аднаго слова Маё. 
Вось, Я — супраць прарокаў, кажа ГОСПАД, якія карыстаюцца языком сваім і прарочаць, нібы кажа Бог. 
Вось, Я — супраць прарокаў са снамі фальшывымі, кажа ГОСПАД, яны распавядаюць іх і падманваюць народ Мой хлусьнёй сваёй і махлярствам сваім. Я не пасылаў іх і не загадваў ім; і няма ад іх карысьці для народу гэтага, кажа ГОСПАД. 
Калі народ гэты, або прарокі, або сьвятар спытаюцца ў цябе, кажучы: “Які цяжар ад ГОСПАДА?”, адкажаш ім: “Вы — цяжар, і Я адкінуў вас, кажа ГОСПАД”. 
І прарока, і сьвятара, і народ гэты, які кажа: “Цяжар ад ГОСПАДА”, Я пакараю, і яго самога, і дом ягоны. 
Гэта будзе казаць кожны бліжняму свайму і кожны брату свайму: “Што адказаў ГОСПАД?”, або: “Што прамовіў ГОСПАД?” 
І ня ўзгадвайце больш пра “цяжар ад ГОСПАДА”, бо таму, хто кажа так, станецца цяжарам кожнае слова ягонае, бо вы перакруцілі словы Бога жывога, ГОСПАДА Магуцьцяў, Бога нашага. 
Гэтак скажаш прароку: “Што адказаў табе ГОСПАД?”, і: “Што прамовіў ГОСПАД?” 
А калі вы скажаце “Цяжар ад ГОСПАДА”, тады гэта кажа ГОСПАД: “За тое, што вы кажаце слова гэтае “Цяжар ад ГОСПАДА”, а Я паслаў да вас, кажучы: “Не кажыце: "Цяжар ГОСПАДА"”, 
вось, Я падымаючы, падыму вас і выкіну ад аблічча Майго вас і горад, які Я даў вам і бацькам вашым, 
і аддам вас на сорам вечны і на ганьбу вечную, якая ня будзе забытая”». 
