﻿ЯРЭМІЯ.
19.
Гэта сказаў ГОСПАД: «Ідзі і купі ў ганчара збан гліняны, і вазьмі старшыняў народу і старшыняў сьвятароў. 
І выйдзі ў даліну Бэн-Гінном, якая пры ўваходзе ў браму Харсіт, і там будзеш абвяшчаць слова, якое Я прамоўлю табе. 
І скажаш: “Слухайце слова ГОСПАДА, валадары Юды і жыхары Ерусаліму! Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду няшчасьце на месца гэтае, так што ў кожнага, хто гэта чуе, зашуміць у вушах ягоных, 
за тое, што вы пакінулі мяне і апаганілі месца гэтае, і кадзілі іншым багам, якіх ня ведалі ані вы, ані бацькі вашыя, ані валадары Юды, і вы напоўнілі месца гэтае крывёю нявінных, 
і пабудавалі вышыні Баалу, каб паліць там сыноў сваіх у агні цэласпаленьняў для Баала, чаго Я не загадваў і не гаварыў, і гэта не прыходзіла ў сэрца Маё. 
Дзеля гэтага, вось, надыходзяць дні, кажа ГОСПАД, і больш ня будзе называцца месца гэтае Тафэт і даліна Бэн-Гінном, але назавецца Даліна забойства. 
І Я зьнішчу раду Юды і Ерусаліму на месцы гэтым, і яны ўпадуць ад мяча перад абліччам ворагаў іхніх і ад рукі тых, якія шукаюць душы іхняй. І Я дам целы іхнія на жыраваньне птушкам нябесным і зьвярам зямным, 
і зраблю народ гэты пустэчаю і насьмешкаю. Кожны, хто будзе паўз яго праходзіць, аслупянее і засьвішча дзеля ўсіх ранаў ягоных. 
І Я зраблю, што яны будуць есьці целы сыноў сваіх і целы дочак сваіх, і кожны будзе есьці цела бліжняга свайго ў аблозе і прыгнёце, якім будуць прыгнятаць іх ворагі іхнія, і тыя, якія шукаюць душу іхнюю”. 
І ты разьбі збан перад вачыма мужчынаў, якія пойдуць з табой, 
і скажы ім: “Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў. Я гэтак разаб’ю народ гэты і горад гэты, як разьбіваецца посуд ганчара, які ня можа ўжо быць напраўлены. Будуць хаваць у Тафэце, таму што ня будзе месца на пахаваньне. 
Я так зраблю месцу гэтаму, кажа ГОСПАД, і жыхарам ягоным, што горад гэты будзе такім, як Тафэт. 
І стануцца дамы Ерусаліму і дамы валадароў Юды нячыстымі, як месца Тафэт, усе дамы, на дахах якіх палілі кадзіла для моцаў нябесных і складалі ахвяры вадкія для іншых багоў”». 
І прыйшоў Ярэмія з Тафэту, куды яго паслаў ГОСПАД прарочыць, і стаў на панадворку Дома ГОСПАДА, кажучы ўсяму народу: 
«Гэтак кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля. Вось, Я навяду на горад гэты і на ўсе паселішчы ўсялякія беды, якія прамаўляў супраць іх, бо яны зрабілі цьвёрдым карак свой, каб ня слухаць словаў Маіх». 
