﻿ЯРЭМІЯ.
18.
Слова, якое было ад ГОСПАДА да Ярэміі, кажучы: 
«Устань і зыйдзі ў дом ганчара, і там пачуеш слова Маё». 
І я зыйшоў у дом ганчара, і вось, ён акурат працаваў пры кружале. 
І папсулася пасудзіна, якую ён рабіў з гліны, у руцэ ганчара, і ён зноў зьвярнуўся да яе, і зрабіў з яе іншую пасудзіну, якая даспадобы была ў вачах ганчара, каб ён зрабіў яе. 
І было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Ці не магу Я зрабіць з вамі, дом Ізраіля, як гэты ганчар? — кажа ГОСПАД. Вось, як гліна ў руцэ ганчара, так вы, дом Ізраіля, у руцэ Маёй. 
Часам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што Я выкарчую і павалю, і зьнішчу яго. 
Але калі народ гэты, супраць якога Я прамаўляў, адвернецца ад ліхоты сваёй, Я пашкадую ўчыніць зло, якое Я задумаў учыніць для яго. 
Іншым разам Я прамоўлю адносна народу і валадарства, што збудую і ўгрунтую яго. 
Але калі ён будзе рабіць ліхоту ў вачах Маіх, ня слухаючы голас Мой, Я пашкадую ўчыніць дабро, якое казаў, што зраблю для яго. 
І цяпер кажы, прашу, мужам Юды і жыхарам Ерусаліму, кажучы: “Гэта кажа ГОС­ПАД. Вось, Я рыхтую супраць вас зло і задумаў супраць вас намер. Навярніцеся, прашу, кожны ад шляху свайго ліхога і зрабіце добрымі шляхі вашыя і ўчынкі вашыя”. 
А яны сказалі: “Надарма! Бо мы будзем хадзіць паводле думак нашых, кожны будзе рабіць паводле закамянеласьці ліхога сэрца свайго”. 
Дзеля гэтага так кажа ГОС­ПАД: “Спытайцеся, прашу, у народаў, ці хто чуў пра такое? Агідную рэч учыніла дзяўчына Ізраіля. 
Ці зыходзіць сьнег Лібану са скалы ў полі? Ці высыхаюць воды чужыя, халодныя і плыткія? 
Бо народ Мой забыўся пра Мяне, для марноты яны паляць кадзіла! І будуць яны спатыкацца на шляхах сваіх, на сьцежках старадаўніх, будуць хадзіць па сьцежках, па дарозе няходжанай. 
І пераменіцца зямля іхняя ў пустэчу, будзе пасьмешышчам на вякі. Кожны, хто будзе праходзіць, аслупянее і будзе ківаць галавою сваёй. 
Як вецер усходні, Я раскідаю іх перад абліччам ворага. Патыліцу, а не аблічча Я пакажу ім у дзень зьнішчэньня іхняга”». 
І яны сказалі: «Хадземце і змовімся супраць Ярэміі, бо ня зьнік Закон у сьвятара, і рада ў мудраца, і слова ў прарока. Хадземце, ударым яго языком, і не зьвяртайма ўвагі на ўсе словы ягоныя». 
Паслухай мяне, ГОСПАДЗЕ, і пачуй голас супраціўнікаў маіх. 
Ці ж за дабро аднагароджваюць ліхам? Бо яны выкапалі яму для душы маёй! Узгадай, як я стаяў перад абліччам Тваім, каб прамаўляць пра іх добрае і каб адвярнуць гнеў Твой ад іх. 
Дзеля гэтага аддай сыноў іхніх на голад і вылі кроў іхнюю ад вострыва мяча! Няхай жонкі іхнія стануць бязьдзетнымі ўдовамі, а мужы іхнія няхай будуць сьмерцю забітыя, юнакі іхнія няхай будуць пазасяканыя мячом на вайне. 
Няхай чуецца крык у дамах іхніх, бо Ты навядзеш на іх раптоўна арду злачынцаў, бо яны выкапалі яму, каб схапіць мяне, і пад ногі мае пасткі паставілі. 
А Ты, ГОСПАДЗЕ, ведаеш усе намеры іхнія, каб забіць мяне. Не даруй ім беззаконьня іхняга і грэху іхняга не прымай ад аблічча Твайго. Няхай яны спатыкнуцца перад абліччам Тваім. 
