﻿ЯРЭМІЯ.
13.
Гэта сказаў мне ГОСПАД: «Ідзі і купі сабе пояс ільняны, і падперажы ім сьцёгны свае, але не кладзі яго ў ваду». 
І я купіў пояс паводле слова ГОСПАДА, і падперазаў сьцёгны мае. 
І другі раз было слова ГОСПАДА да мяне, кажучы: 
«Вазьмі пояс, які ты купіў і які на сьцёгнах тваіх, устань і ідзі да Эўфрату, і схавай там яго ў шчыліне скалы». 
І я пайшоў, і схаваў яго каля Эўфрату, як загадаў мне ГОСПАД. 
І сталася, калі скончылася шмат дзён, сказаў мне ГОСПАД: «Устань і ідзі да Эўфрату, і забяры адтуль пояс, які Я загадаў табе схаваць». 
І я пайшоў да Эўфрату, адшукаў і выцягнуў пояс з месца, у якім я схаваў яго, і вось, пояс збутвеў і не надаваўся да нічога. 
І было да мяне слова ГОС­ПАДА, кажучы: 
«Гэта кажа ГОСПАД. У такі спосаб Я зьнішчу пыхлівасьць Юды і пыхлівасьць вялікую Ерусаліму. 
Народ гэты ліхі ня хоча слухаць словаў Маіх і ходзіць у зацьвярдзеласьці сэрца свайго. Яны пайшлі за багамі чужымі, каб служыць ім і пакланяцца ім. І станецца з імі, як з гэтым поясам, які ні на што не надаецца. 
Бо як прылягае пояс да сьцёгнаў мужчыны, так Я прытуліў да Сябе ўвесь дом Ізраіля і ўвесь дом Юды, кажа ГОСПАД, каб яны былі для Мяне народам, і імем, і хвалой, і аздобай, але яны не паслухаліся. 
І ты скажаш ім слова гэта: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. Кожны збан напаўняецца віном”. А яны скажуць табе: “Ці ж мы ведаючы, ня ведаем, што кожны збан напаўняецца віном?” 
І скажаш ім: “Гэта кажа ГОСПАД. Вось, Я напоўню п’янствам усіх жыхароў зямлі гэтай, валадароў, якія сядзяць на пасадзе Давіда, сьвятароў, прарокаў і ўсіх жыхароў Ерусаліму, 
і паразьбіваю іх адзін аб другога, бацькоў разам з сынамі, кажа ГОСПАД, не пашкадую і ня зьлітуюся, аж пакуль ня зьнішчу іх”. 
Слухайце і прыхіліце вуха, не вывышайцеся, бо ГОСПАД прамовіў. 
Аддайце славу ГОСПАДУ, Богу вашаму, перш, чым прыйдзе цемра, і перш, чым спатыкнуцца ногі вашыя ў гарах цёмных. І вы будзеце чакаць сьвятла, а Ён заменіць яго ў цемру сьмерці і зробіць імглою. 
А калі вы гэтага не паслухаеце, будзе плакаць таемна душа мая з прычыны пыхі вашай. І плачучы, буду плакаць, і зальюцца сьлязьмі вочы мае, бо чарада ГОСПАДА ідзе ў няволю. 
Скажыце валадару і маці валадара: “Сядаючы, сядзьце нізка, бо ўпала з галавы вашай карона славы вашай!” 
Гарады Нэгеву замкнутыя, і няма таго, хто адчыніць іх. Увесь Юда пайшоў у няволю, у няволю пайшоў цалкам. 
Узьнімі вочы свае і паглядзі на тых, якія прыходзяць з поўначы. Дзе тая чарада, якая даручана табе, авечкі славы тваёй? 
Што ты скажаш, калі яны наведаюць цябе? Бо ты сама прывучыла іх быць над табою, прыяцеляў на галаву сваю. Ці ж не ахопяць цябе болі, як жанчыну, што нараджае? 
А калі ты скажаш у сэрцы тваім: “Чаму гэта ўсё напаткала мяне?” Дзеля мноства беззаконьняў тваіх былі адкрытыя прыполы адзеньня твайго і аголены ногі твае. 
Ці ж можа мурын зьмяніць скуру сваю, а леапард — плямы свае? Таксама і вы, ці можаце рабіць добрае, калі вы навучаныя рабіць зло? 
І Я рассыплю вас як мякіну, якую разносіць вецер пустыні. 
Гэта доля твая, частка, якую Я адмерыў табе, кажа ГОСПАД, за тое, што ты забылася пра Мяне і спадзявалася на хлусьню. 
І Я ўзьніму прыполы адзеньня твайго аж на аблічча тваё, і будзе бачная ганьба твая, 
чужалоствы твае і іржаньне тваё, бессаромнасьць распусты тваёй. На ўзгорках і на полі Я бачыў брыдоты твае. Гора табе, Ерусалім, ня хочаш быць ачышчаны! Як доўга яшчэ чакаць?» 
