﻿ЯРЭМІЯ.
5.
Аббяжыце вуліцы Ерусаліму, паглядзіце і прасачыце, і абшукайце на пляцах ягоных, ці знойдзеце чалавека, ці няма таго, хто чыніць суд, шукае праўды, і Я прабачу ім. 
Калі яны кажуць: “Як жывы ГОСПАД!”, яны прысягаюць фальшыва. 
ГОСПАДЗЕ, ці ж вочы Твае ня зьвернуты да праўды? Ты ўдарыў іх, а ім не баліць, Ты панішчыў іх, а яны адмовіліся прыняць настаўленьне; яны закамянілі абліччы свае горш за скалу і адмовіліся навярнуцца. 
І Я сказаў: “Толькі людзі простыя робяць неразважна, бо яны ня ведаюць шляху ГОСПАДА, суду Бога свайго 
Дык Я пайду да людзей вялікіх і прамоўлю да іх, бо яны ведаюць шлях ГОСПАДА, суд Бога свайго”. Але яны таксама паламалі ярмо і парвалі путы. 
Дзеля гэтага зьнішчыць іх леў з лесу і воўк стэповы выгубіць іх, пантэра будзе цікаваць каля гарадоў іхніх, кожны, хто выйдзе з іх, будзе разарваны, бо шматлікія грахі іхнія, пашырыліся адступніцтвы іхнія. 
Навошта Я маю быць да цябе літасьцівы? Сыны твае пакінулі Мяне і прысягалі на тых, якія ня богі. І Я насыціў іх, а яны чужаложылі і зьбіраліся ў доме чужаложніцы. 
Яны сталіся як коні незацугляныя, кожны іржэ да жонкі бліжняга свайго. 
Ці ж Я за гэта ня буду караць, кажа ГОСПАД, і ці народу такому не адпомсьціць душа Мая? 
Узыйдзіце на муры ягоныя і разбурайце іх, але поўнага зьнішчэньня не рабіце, зьнішчыце падпоры ягоныя, бо яны не для ГОСПАДА. 
Бо здраджваючы, здрадзіў Мне дом Ізраіля і дом Юды, кажа ГОСПАД. 
Яны выракліся ГОСПАДА і казалі: “Няма Яго. Ня прыйдзе на нас ліха, мы ня ўбачым ані мяча, ані голаду”. 
Прарокі будуць як вецер, і ня будзе ў іх слова. І гэтак ім станецца. 
Таму гэта кажа ГОСПАД, Бог Магуцьцяў. За тое, што вы гаварылі слова гэтае, вось, Я зраблю словы Мае ў вуснах тваіх агнём, а народ гэты — дровамі, і агонь зжарэ іх. 
Вось, Я навяду на вас, дом Ізраіля, народ здалёк, кажа ГОС­ПАД, народ дужы, народ старадаўні, народ, мовы якога ты ня ведаеш, і не разумееш, што ён гаворыць. 
Сагайдак ягоны — быццам труна адкрытая; усе яны — волаты. 
І зьесьць ён жніво тваё і хлеб твой, зьесьць сыноў тваіх і дочак тваіх, зьесьць авечак тваіх і быдла тваё, зьесьць вінаграднікі твае і дрэвы фігавыя твае, зьнішчыць мячом умацаваныя гарады твае, на якія ты спадзяваўся. 
Але ў тыя дні, кажа ГОСПАД, Я не зраблю, што будзе вам канец. 
І станецца, калі скажуць: “За што зрабіў нам усё гэта ГОСПАД, Бог наш?”, ты скажаш ім: “Як вы пакінулі Мяне і служылі багам чужым у зямлі сваёй, так будзеце служыць чужынцам у зямлі ня вашай” 
Паведамце пра гэта дому Якуба, і абвясьціце гэта ў Юдзе, кажучы: 
“Паслухай гэта, прашу, народ бяз розуму і бяз сэрца, які мае вочы, і ня бачыць, мае вушы, і ня чуе. 
Вы не баіцёся Мяне, кажа ГОСПАД, не трымціце перад абліччам Маім. Я паставіў пясок мяжой для мора як мяжу вечную, якую яно не пераступіць; хоць паўстануць хвалі, але ня змогуць, і будуць шалець хвалі, але не перакрочаць мяжы. 
А ў гэтага народу сэрца ўпартае і бунтаўнічае; яны адступіліся і адыйшлі, 
і не сказалі ў сэрцы сваім: “Мы будзем баяцца ГОСПАДА, Бога нашага, Які дае нам дождж у свой час, дождж раньні і позьні, Які захоўвае для нас вызначаныя тыдні жніва”. 
Беззаконьне вашае ўхіліла гэта, і грахі вашыя стрымалі даброцьці гэтыя, 
бо знайшліся ў народзе Маім бязбожнікі, якія цікуюць як птушкаловы, стаўляюць пасткі, ловяць людзей. 
Як клетка поўная птушак, так дамы іхнія поўныя падману, і такім чынам яны становяцца слаўнымі і багатымі, 
сытымі і гладкімі, і перакрочваюць усякую меру зла. Яны ня судзяць справядліва справу сіраты, і маюць посьпех, і судовую справу ўбогіх не разглядаюць. 
Ці ж за гэта Я ня буду караць іх, кажа ГОСПАД, і ці ж народу такому не адпомсьціць душа Мая? 
Дзіўнае і жудаснае дзеецца ў зямлі гэтай: 
прарокі прарочаць ілжыва, сьвятары навучаюць як хочуць, і народ Мой любіць гэта. Але што вы будзеце рабіць, калі прыйдзе гэтаму канец?” 
