﻿ЯРЭМІЯ.
3.
І было сказана: «Калі муж адпусьціць жонку сваю, і яна адыйдзе ад яго і пойдзе замуж за іншага мужа, ці можа ён вярнуцца да яе? Ці ж, апаганіўшыся, не апаганена зямля тая? А ты чужаложыла з многімі каханкамі. І ты вернешся да Мяне? — кажа ГОСПАД. 
Падымі вочы твае на ўзгоркі і паглядзі, дзе месца, на якім бы ты не лажылася для распусты? Пры шляхах сядзела ты, чакаючы на іх, як Араб у пустыні, і апаганіла зямлю распустаю тваёй і ліхотаю тваёй. 
І спыніліся залевы, і дажджу вясновага не было, але было ў цябе чало жанчыны чужаложнай і ты страціла сорам. 
Ці ж цяпер, клічучы, ты будзеш клікаць Мяне: “Ойча мой! Ты — сябра маладосьці маёй! 
Ці будзеш гневацца вечна або захоўваць крыўду?” Вось, ты, кажучы, казала, а сама рабіла ліхоту, калі была магчымасьць». 
І сказаў мне ГОСПАД у дні валадара Ёсіі: «Ці ты бачыў, што зрабіла дачка Ізраіля, адступніца? Яна хадзіла на кожную гару высокую і пад кожнае дрэва зялёнае, і чыжаложыла там. 
І Я падумаў: “Калі яна ўсё гэта зробіць, тады вернецца да Мяне”. Але яна не вярнулася. І гледзячы, угледзела гэта здрадлівая сястра ейная Юда. 
І ўгледзела яна, што за ўсе ўчынкі, якімі чужаложыла дачка Ізраіля, адступніца, Я адпусьціў яе і даў ёй ліст разводны. І не ўстрывожылася здрадлівая Юда, сястра ейная, і пайшла, і таксама чужаложыла. 
І сталася, праз розгалас пра распусту сваю яна апаганіла зямлю гэтую і чужаложыла з камянём і дрэвам. 
І таксама пасьля ўсяго гэтага здрадлівая сястра ейная, Юда, не навярнулася да Мяне ўсім сэрцам, але толькі фальшыва, кажа ГОСПАД». 
І ГОСПАД сказаў мне: «Больш праведная душа адступніцы, дачкі Ізраіля, чым у здрадлівай Юды. 
Ідзі, і абвяшчай словы гэтыя на поўнач, і кажы: “Вярніся, адступніца, дачка Ізраіля, кажа ГОСПАД. Я не адвярну аблічча Маё ад вас, бо Я міла­сэр­ны, кажа ГОСПАД, ня буду гневацца на вякі. 
Толькі зьведай беззаконьне тваё, што ты бунтавалася суп­раць ГОСПАДА, Бога твайго, і што бадзялася па ўсіх шляхах з чужынцамі пад кожным дрэвам зялёным, а голасу Майго ня слухала, кажа ГОСПАД. 
Вярніцеся, сыны адступнікі, кажа ГОСПАД, бо Я — Гас­падар ваш; і Я вазьму вас, аднаго з кожнага гораду, і двух з кожнай сям’і, і завяду вас на Сыён. 
І дам вам пастыраў паводле сэрца Майго і яны будуць пасьвіць вас разумна і разважна. 
І будзе, што вы памножыцеся і будзеце пладзіцца на зямлі ў тыя дні, кажа ГОСПАД. Ніхто ня будзе больш казаць: “Каўчэг запавету ГОСПАДА”, і ня прыйдзе ён на сэрца ягонае, і ня будуць памятаць пра яго, ані адчуваць яго нястачы, і больш ня будзе зроблены. 
У той час Ерусалім назавуць Пасадам ГОСПАДА. І зьбяруцца ў ім, у Ерусаліме, усе народы ў імя ГОСПАДА, і ня будуць ужо хадзіць паводле закамянеласьці сэрца ліхога свайго. 
У тыя дні пойдзе дом Юды ў дом Ізраіля, і выйдуць ра­зам з зямлі паўночнай у зямлю, якую Я даў у спадчыну бацькам вашым. 
І Я сказаў: “Як Я залічу цябе як сына і дам табе найкаштоўнейшую зямлю, найпрыгажэйшую спадчыну сярод народаў!” Я сказаў: “Вы будзеце клікаць Мяне ‘Ойча мой!’ і ад Мяне не адвернецеся”. 
Але як жонка здраджвае каханаму свайму, так вы здрадзілі Мне, дом Ізраіля, кажа ГОСПАД. 
Чутны голас на ўзгорках, плач і лямант сыноў Ізраіля, бо яны апаганілі шлях свой, забыліся пра ГОСПАДА, Бога свайго. 
Вярніцеся, сыны адступнікі, Я вылечу адступніцтва вашае. “Вось, мы прыйшлі да Цябе, бо Ты — ГОСПАД, Бог наш. 
Сапраўды, узгоркі і гоман на гарах — падман. Сапраўды, у ГОСПАДЗЕ, Богу нашым, збаўленьне Ізраіля. 
Сорам зьядаў працу бацькоў нашых ад маладосьці нашай, авечак іхніх і валоў іхніх, сыноў іхніх і дочак іхніх. 
Мы ляжым у сораме нашым, і ганьба нашая нас пакрывае, бо мы зграшылі супраць ГОСПАДА, Бога нашага, мы і бацькі нашыя, ад маладосьці нашай аж да дня гэтага, і ня слухалі мы голасу ГОСПАДА, Бога нашага”. 
