﻿ІСАЯ.
64.
О, каб Ты разьдзёр неба і зыйшоў! Перад абліччам Тваім растапіліся б горы! 
Як агонь паліць гальлё, і як кіпіць вада на агні, так дай пазнаць імя Тваё ворагам Тваім. Перад абліччам Тваім будуць дрыжаць народы. 
Калі Ты чыніш страшныя рэчы, якіх мы не чакалі, Ты зыходзіш, і перад абліччам Тваім топяцца горы! 
Ад вякоў не было чуваць, і да вуха не даходзіла, і вока ня бачыла Бога, акрамя Цябе, Які б зрабіў гэта тым, якія Яго чакаюць. 
Ты выходзіш насустрач таму, хто з радасьцю чыніць праведнасьць, насустрач тым, якія на шляхах Тваіх памятаюць пра Цябе. Вось, Ты загневаўся, бо мы грашылі здаўна. І як нам быць збаўленымі? 
І ўсе мы сталіся як нячысты, і ўся праведнасьць наша як заплямленая месячнымі адзежа, і мы ўсе вянем, як лісьце, і беззаконьні нашыя панесьлі нас як вецер. 
І няма нікога, хто клікаў бы імя Тваё, хто б абудзіўся, каб трымацца моцна Цябе, бо Ты адвярнуў аблічча Тваё ад нас і аддаў нас у рукі беззаконьняў нашых. 
І цяпер Ты, ГОСПАДЗЕ — Айцец наш, а мы — гліна; Ты — Той, Які лепіш нас, а мы ўсе — творы рук Тваіх! 
Ня гневайся, ГОСПАДЗЕ, так моцна і ня памятай заўсёды беззаконьне нашае. Вось, паглядзі, мы ўсе — народ Твой! 
Гарады сьвятыя Твае сталіся пустыняй, Сыён стаўся пустыняй, і Ерусалім стаўся пусткаю. 
Дом сьвятасьці нашай і велічы нашай, у якім славілі Цябе бацькі нашыя, спалены агнём, і ўсё, што мы любілі, сталася руінай. 
Ці ж на ўсё гэта Ты можаш быць абыякавы, ГОСПАДЗЕ? Ці Ты будзеш маўчаць і ка­раць нас так моцна? 
