﻿ІСАЯ.
62.
Дзеля Сыёну ня буду маўчаць, і дзеля Ерусаліму не супачыну, пакуль ня ўзыйдзе, як бляск зараніцы, праведнасьць ягоная, і збаўленьне ягонае — як паходня, што палае. 
І ўбачаць народы праведнасьць тваю, і ўсе валадары — славу тваю, і назавуць цябе імем новым, якое вызначаць вусны ГОСПАДА. 
І ты станеш каронай славы ў руцэ ГОСПАДА і дыядэмай валадарства ў далоні Бога твайго. 
І ня будуць больш ка­заць пра цябе “пакінутая”, і пра зямлю тваю ня будуць больш казаць “спустошаная”, бо назавуць цябе “Маё ўпадабаньне ў ёй”, а зямлю тваю — “замужняя”, бо ўпадабаў цябе ГОСПАД, і зямля твая будзе замужам. 
Бо як юнак жэніцца з дзяўчынаю, так Будаўнік твой ажэніцца з табою, і як жаніх цешыцца з нявесты, так будзе цешыцца з цябе Бог твой. 
На мурах тваіх, Ерусалім, Я паставіў вартаўнікоў, увесь дзень і ўсю ноч яны ніколі ня будуць маўчаць. Вы, якія нагадваеце пра ГОСПАДА, ня мейце супакою, 
і Яму не давайце супакою, пакуль Ён не адновіць Ерусалім і пакуль ня зробіць яго хвалою на зямлі. 
Прысягнуў ГОСПАД правіцай Сваёй і рамяном моцы Сваёй: «Ня дам больш збожжа твайго ворагам тваім, і ня будуць піць сыны чужынцаў маладога віна твайго, над якім ты працаваў. 
Бо тыя, якія зьбіраюць збожжа, будуць есьці яго і будуць хваліць ГОСПАДА, і тыя, якія зьбіраюць вінаград, бу­дуць піць яго на панадворку сьвятыні Маёй». 
Праходзьце, праходзьце праз браму! Рыхтуйце шлях народу! Прастуйце, прастуйце гасьцінец, прыбярыце камяні! Падыміце сьцяг для народаў! 
Вось, ГОСПАД абвяшчае аж да краю зямлі: «Скажыце дачцы Сыёну: “Вось, прыходзіць Збаўца твой, вось, плата Ягоная разам з Ім і нагарода Ягоная перад абліччам Ягоным”». 
І будуць называць іх народам сьвятым, адкупленымі ГОСПАДАМ, а цябе будуць клікаць “Пажаданая”, “Горад непакінуты”. 
