﻿ІСАЯ.
61.
Дух Госпада ГОСПАДА нада мною, бо ГОСПАД памазаў мяне дабравесьціць убогім, паслаў мяне перавязаць раны зламаных сэрцам, абвяшчаць палонным вызваленьне, а вязьням — свабоду, 
абвяшчаць год ласкі ГОСПАДА і дзень помсты Бога нашага, пацешыць усіх засмучаных, 
разьвесяліць тых, якія плачуць на Сыёне, і даць ім дыядэму замест попелу, і алей радасьці замест смутку, адзеньне хвалы замест духу панурага, і назавуць іх дубамі праведнасьці, насаджэньнем ГОСПАДА для праслаўленьня Яго. 
І яны забудуюць руіны адвечныя, і адбудуюць спусташэньні старадаўнія, адновяць гарады зруйнаваныя, спустошаныя з пакаленьня ў пакаленьне. 
І стануць чужынцы, і будуць пасьвіць авечак вашых, і сыны чужынцаў будуць аратымі вашымі і вінаградарамі вашымі. 
А вы будзеце называцца сьвятарамі ГОСПАДА, і будуць вас называць слугамі Бога нашага. Вы будзеце спажываць багацьці народаў і будзеце аздобленыя славай іхняй. 
За падвойнае прыніжэньне народу Майго, за ганьбу і зьня­вагу, якія былі доляю іхняй, у зямлі сваёй яны атрымаюць спадчыну падвойную; і радасьць вечная будзе для іх. 
Бо Я, ГОСПАД, люблю суд і ненавіджу рабунак і крыўду; і Я дам ім нагароду паводле праўды, і запавет вечны заключу з імі. 
Насеньне іхняе будзе вядомым сярод народаў, і нашчадкі іхнія — сярод плямёнаў. Усе, хто іх убачаць, пазнаюць, што яны — насеньне, дабраслаўлёнае ГОСПАДАМ. 
Я цешуся ў ГОСПАДЗЕ, душа мая радуецца ў Богу маім, бо Ён апрануў мяне ў шаты збаўленьня і накінуў на мяне плашч праведнасьці, як на жаніха, усклаў дыядэму, і як нявесту, аздобіў упрыгожваньнямі. 
Бо як зямля выдае зеляніну сваю, і як сад родзіць насеньне сваё, так Госпад ГОСПАД зробіць, што вырасьце праведнасьць і хвала перад усімі народамі. 
