﻿ІСАЯ.
60.
Устань, сьвяціся, Ерусалім, бо прыйшло сьвятло тваё, і слава ГОСПАДА заясьнела над табою. 
Бо вось, цемра ахутае зямлю, і змрок — народы, а над табою заясьнее ГОСПАД, і слава Ягоная зьявіцца над табою. 
І прыйдуць народы да сьвятла твайго, і валадары — да зьзяньня бляску твайго. 
Падымі вочы твае навакол і паглядзі, усе яны зьбіраюцца і ідуць да цябе. Сыны твае прыходзяць здалёк, і дочак тваіх нясуць на плячах. 
Тады ўбачыш і зазьзяеш, і затрапеча і пашырыцца сэрца тваё, бо зьвернецца да цябе багацьце мора, і багацьце народаў прыйдзе да цябе. 
Мноства вярблюдаў пакрые цябе, драмадэры з Мадыяну і з Эфы, усе яны з Шэвы прыйдуць, яны нясуць золата і кадзіла, хвалу ГОСПАДУ абвяшчаюць. 
Усе авечкі Кедару зьбяруцца да цябе, бараны Нэбаёту паслужаць табе, яны ўзыйдуць на ахвярнік Мой як ахвяра ўпадабаная, і Я ўслаўлю дом красы Маёй. 
Хто гэта, што лятуць як аблокі, як галубы да галубятняў сваіх? 
Бо на Мяне чакаюць астравы, і першымі плывуць караблі Таршышу, каб прывезьці сыноў тваіх здалёк, срэбра іхняе і золата іхняе з імі дзеля імя ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе. 
Сыны чужынцаў адбуду­юць муры твае, а валадары іхнія будуць служыць табе, бо ў гневе Маім Я ўдарыў цябе, але ў ласкавасьці Маёй зьлітуюся над табою. 
Брамы твае будуць адчыненыя заўсёды, удзень і ўначы ня будуць замыкацца, каб прыносілі да цябе багацьці народаў і валадароў іхніх прыводзілі да цябе. 
Бо народ і валадарства, якія не захочуць служыць табе, прападуць, і народы будуць цалкам выгублены. 
Слава Лібану прыйдзе да цябе, з ёй разам кіпарысы, вязы і букі, каб упрыгожыць месца Маё сьвятое, і Я праслаўлю месца, дзе стаяць ногі Мае. 
І прыйдуць да цябе з паклонам сыны крыўдзіцеляў тваіх, і ўпадуць да стопаў ног тваіх усе, якія пагарджалі табою, і назавуць цябе Горадам ГОСПАДА і Сыёнам Сьвятога Ізраіля. 
За тое, што ты быў пакінуты і зьненавіджаны, і ніхто не хадзіў праз цябе, Я зраблю цябе славай вечнай, радасьцю з пакаленьня ў пакаленьне. 
І будзеш ты смактаць малако народаў, і грудзі валадароў будзеш смактаць, і даведаешся, што Я — ГОСПАД, Збаўца твой і Адкупіцель твой, Моцны Якуба. 
Замест медзі Я прынясу золата, і замест жалеза прынясу срэбра, замест дрэва — медзь, і замест камянёў — жалеза. І Я пастаўлю мір вартаўніком тваім, а праведнасьць — начальнікам тваім. 
Ня будзе больш чуваць у зямлі тваёй пра гвалт, пра спусташэньне і зьнішчэньне ў межах тваіх. І ты назавеш муры твае збаўленьнем, а брамы твае — хвалою. 
Ня будзе ўжо сонца сьвяціць табе днём, і бляск месяца ня будзе асьвятляць цябе, але ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і Бог твой — аздобай тваёй. 
Ня будзе больш заходзіць сонца тваё, і месяц твой не схаваецца, бо ГОСПАД будзе для цябе сьвятлом вечным, і скончацца дні жалобы тваёй. 
І ўвесь народ твой будзе праведным, яны возьмуць зямлю ў спадчыну на вякі. Яны — парасткі насаджэньня Майго, твор рукі Маёй, каб Я праславіўся. 
З найменшага станецца тысяча, а са слабога — народ магутны. Я, ГОСПАД, пасьпяшаюся зрабіць гэта ў свой час. 
