﻿ІСАЯ.
57.
Праведны гіне, і няма чалавека, які бярэ гэта да сэрца; лю­дзі міласэрныя забіраюцца, і няма нікога, хто б зразумеў, што ад аблічча зла забіраецца праведнік. 
Ён адыходзіць у супакоі; супачываюць на ложках сваіх тыя, якія ходзяць шляхам простым. 
Наблізьцеся сюды вы, сыны вядзьмаркі, насеньне чужаложніцы і распусьніцы. 
З каго вы зьдзекуецеся? На каго раскрываеце рот і высоўваеце язык? Ці ж вы ня дзеці бунту, насеньне хлусьні? 
Вы распаляецеся юрлівасьцю да ідалаў пад кожным дрэвам зялёным, забіваеце ў ахвяру дзяцей у ярах і ў шчылінах скалаў. 
Гладкія камяні ў ярах — частка твая, яны, яны — жэрабя тваё. Для іх ты вылівала ахвяру вадкую, складала ахвяру хлебную. Ці ж гэтым Я маю быць усьцешаны? 
На гары вялікай і высокай ты паставіла ложак свой, і туды ўзыйшла, каб ахвяроўваць ахвяры. 
І за дзьвярыма і за вушакамі дзьвярэй ты паставіла памятку тваю, бо ты далёка ад Мяне, і распраналася, і ўзыходзіла, і пашырала ложак свой, і заключыла дамову з тымі, з кім любіш ляжаць, дзе месца нагледзіш. 
І пайшла ты да валадара з алеем, і павялічыла масьці свае, і паслала далёка пасланцоў сваіх, і зыходзіла аж да адхлані. 
Ты змучылася на шматлікіх шляхах тваіх, але не сказала: «Надарма!», і ты знаходзіла бадзёрасьць для рукі тваёй, таму не саслабела. 
Каго ж ты спалохалася і збаялася, што падманвала і ня ўзгадвала пра Мяне, і не зьмя­сьціла Мяне ў сэрцы тваім? Ці ж не таму, што Я доўгі час маўчаў, ты не баішся Мяне? 
Я выяўлю праведнасьць тваю і ўчынкі твае, і яны ня будуць на карысьць табе. 
Калі будзеш клікаць, не абароніць цябе зграмаджэньне ідалаў тваіх, але ўсіх іх разьвее вецер і падхопіць бура. А хто спадзяецца на Мяне, возьме ў спадчыну зямлю і паселіцца на гары Маёй сьвятой. 
І скажуць: «Прастуйце, прастуйце дарогу, рыхтуйце шлях, прыбярыце перашкоды са шляху народу Майго». 
Бо гэта кажа Высокі і Узьнесены, Які жыве вечна, і Сьвятое імя Ягонае: «Я жыву на вышынях і ў сьвятасьці, і Я жыву з тым, хто зламаны і спакораны духам, каб ажывіць дух пакорных і ажывіць сэрца прыгнечаных. 
Бо Я ня буду вечна спрачацца і ня буду заўсёды гневацца, бо тады ўсякі дух зьнікне перад абліччам Маім і ўсякае дыханьне, якое Я зрабіў. 
Я загневаўся і ўдарыў яго за беззаконьне хцівасьці ягонай, адвярнуўся і загневаўся; але ён, узбунтаваны, пайшоў па шляху сэрца свайго. 
Я бачыў шляхі ягоныя, і Я аздараўлю яго, і павяду яго, і дам пацяшэньне яму і тым, якія сумуюць дзеля яго. 
І Я ствару плод вуснаў. Супакой, супакой далёкім і блізкім, кажа ГОСПАД. І Я аздараўлю яго». 
А бязбожнік — як мора ўзбуранае, якое ня можа супакоіцца, і воды ягоныя выкідаюць балота і бруд. 
Няма супакою для бязбожных, кажа Бог мой. 
