﻿ІСАЯ.
56.
Гэта кажа ГОСПАД: «Захоўвайце суд і чыніце праведнасьць, бо неўзабаве прыйдзе збаўленьне Маё, і праведнасьць Мая аб’явіцца». 
Шчаслівы чалавек, які так робіць, і сын чалавечы, які трымаецца гэтага, які захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і захоўвае руку сваю, каб не рабіць ніякага зла. 
Няхай ня кажа сын чужынца, які далучыўся да ГОСПАДА, кажучы: «Адлучаючы, адлучыць мяне ГОСПАД ад народу Свайго». Няхай ня кажа эўнух: «Вось, я — дрэва сухое». 
Бо гэта кажа ГОСПАД пра эўнухаў, якія захоўваюць суботы Мае і выбіраюць тое, што падабаецца Мне, і трымаюцца моцна запавету Майго: 
«Я дам ім у доме Маім і ў мурах Маіх памяць і імя лепшае, чым у сыноў і дачок, дам ім імя вечнае, якое ня бу­дзе зьнішчана». 
А сыноў чужынцаў, якія далучыліся да ГОСПАДА, каб служыць Яму і любіць імя ГОСПАДА, і быць для Яго слугамі, усіх, хто захоўвае суботу, каб не паганіць яе, і хто трымаецца моцна запавету Майго, 
Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы Мне на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў. 
Кажа Госпад ГОСПАД, Які зьбірае выгнанцаў Ізраіля: «Яшчэ Я зьбяру іншых да яго, акрамя тых, якія ўжо сабраныя». 
Усе зьвяры палявыя, прыходзьце, і ешце, усе зьвяры лясныя. 
Вартаўнікі іхнія ўсе сьляпыя, нічога ня ведаюць. Усе яны — сабакі нямыя, якія ня могуць брахаць, дрэмлюць, вылежваюцца, любяць спаць. 
І гэта сабакі ненажэрныя, якія ня ведаюць сытасьці! Гэта пастыры, якія ня маюць разуменьня, усе яны завярнулі на шлях свой, кожны шукае карысьці сваёй і ня маюць канца ў гэтым, 
кажучы: «Прыходзьце, я вазьму віна, і нап’емся сікеры, і заўтра будзе як сёньня, хіба нават лепш». 
