﻿ІСАЯ.
55.
Гэй, усе спрагнёныя, прыходзьце да вады, і тыя, што ня маюць срэбра, прыходзьце, купляйце і спажывайце; прыходзьце і купляйце бяз срэбра і бяз платы віно і малако! 
Навошта вы адважваеце срэбра за тое, што ня хлеб, і працу сваю за тое, што не насыціць? Слухаючы, паслухайце Мяне і будзеце есьці тое, што добрае, і будзе насалоджвацца тлустым душа вашая. 
Прыхіліце вуха сваё і прыйдзіце да Мяне, паслухайце, і будзе жыць душа вашая! І Я заключу з вамі запавет вечны дзеля нязьменнай міласэрнасьці, абяцанай Давіду. 
Вось, Я паставіў яго сьведкам для народаў і правадыром, які дае загады людзям. 
Вось, ты паклічаш народ, якога ня ведаеш, і народы, якія цябе ня ведалі, прыбягуць да цябе дзеля ГОСПАДА, Бога твайго, і дзеля Сьвятога Ізраіля, бо Ён уславіў цябе. 
Шукайце ГОСПАДА, пакуль можна знайсьці Яго, клічце Яго, пакуль Ён блізка! 
Няхай бязбожнік пакіне шлях свой, а нягоднік — намеры свае, і няхай вернецца да ГОСПАДА, і Ён зьлітуецца над ім, і да Бога нашага, бо Ён шчодры на прабачэньне. 
Бо думкі Мае — гэта ня думкі вашыя, і шляхі вашыя — гэта не шляхі Мае, кажа ГОСПАД. 
Бо як неба высока над зямлёю, так вышэйшыя шляхі Мае ад шляхоў вашых, і думкі Мае — ад думак вашых. 
Бо як дождж або сьнег зыходзіць з неба і назад не вяртаецца, аж пакуль не напоіць зямлю і ня зробіць, каб яна ра­дзіла і давала зеляніну, і давала насеньне таму, хто сее, і хлеб таму, хто есьць, 
так і слова Маё, якое выходзіць з вуснаў Маіх. Яно не вяртаецца да Мяне пустым, але зьдзяйсьняе тое, што Я жадаю, і мае посьпех у тым, дзеля чаго Я паслаў яго. 
Бо вы з радасьцю выйдзеце, і ў супакоі правядуць вас. Горы і ўзгоркі перад вамі будуць цешыцца са сьпяваньнем, а ўсе дрэвы палявыя будуць пляскаць у далоні. 
Замест церняў вырасьце кіпарыс, замест крапівы вырасьце мірт, і будзе гэта на хвалу ГОСПАДУ, як знак вечны, які ня будзе зьнішчаны. 
