﻿ІСАЯ.
54.
Радуйся, няплодная, якая не нараджала, галасі радасна і весяліся ты, якая не спазнала родаў, бо больш сыноў у кінутай, чым сыноў у замужняй, кажа ГОСПАД. 
Пашыр месца намёту твайго, расьцягні пакрыцьці жытла твайго, ня стрымлівай сябе, папусьці даўжэй вяроўкі твае, умацуй калкі твае. 
Бо ты пашырышся направа і налева, і насеньне тваё возьме ў спадчыну народы і заселіць гарады спустошаныя. 
Ня бойся, бо не дазнаеш сораму, і не чырваней, бо ня будзеш у ганьбе, бо забудзешся пра сорам маладосьці тваёй і ня будзеш больш памятаць пра ганьбу ўдаўства твайго. 
Бо Той, Які ўзяў за жонку цябе —  гэта Той, Які зрабіў цябе. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля, Яго называюць Богам усёй зямлі. 
Бо, як жанчыну кінутую і засмучаную духам, паклікаў цябе ГОСПАД, і як да пакінутай жонкі маладосьці кажа Бог твой. 
На хвіліну малую Я пакінуў цябе, але з літасьцю вялікай прыму цябе. 
У запале гневу Я схаваў на хвіліну аблічча Маё ад цябе, але ў міласэрнасьці вечнай пашкадаваў цябе, кажа Адкупіцель твой, ГОСПАД. 
Як воды Ноя гэта для Мяне. Калі Я прысягнуў яму, што ня прыйдуць больш воды Ноя на зямлю, так прысягаю і табе, што ня буду гневацца на цябе і дакараць цябе. 
Бо горы зрушацца і ўзгоркі захістаюцца, але міласэр­насьць Мая не адыйдзе ад цябе, і запавет супакою Майго не пахісьнецца, кажа ГОСПАД, Які літуецца над табою. 
Няшчасная, кіданая бурамі, без пацяшэньня! Вось, Я пакладу на малахіце камяні твае і падмуркі твае — на шафірах. 
І Я зраблю вокны твае з рубінаў, а брамы твае — з камянёў гранату, а ўсю агароджу тваю — з камянёў каштоўных. 
І ўсе сыны твае стануць вучнямі ГОСПАДА, і вялікі супакой дам сынам тваім. 
І будзеш ты ўмацаваная ў праведнасьці, і будзеш далёкая ад уціску, бо ня будзеш баяцца, і далёкая ад страху, бо ён не наблізіцца да цябе. 
Калі прыйдзе навала на цябе, гэта будзе не ад Мяне, і той, хто на цябе нападзе, упа­дзе перад табою. 
Вось, Я стварыў каваля, які дзьме на жар агню і выцягвае з яго прылады для працы сваёй. І Я стварыў нішчыцеля, каб пустошыць. 
Усякая прылада, вырабленая супраць цябе, ня будзе мець посьпеху, і кожны язык, які стане супраць цябе ў судзе, ты асудзіш. Гэта — спадчына слугаў ГОСПАДА, і праведнасьць іхняя — ад Мяне, кажа ГОСПАД. 
