﻿ІСАЯ.
52.
Абудзіся, абудзіся! Апрані моц тваю, Сыёне! Апрані шаты прыгажосьці тваёй, Ерусаліме, горад сьвяты! Бо ня ўвойдзе больш да цябе неабрэзаны і нячысты. 
Абтрасіся ад пылу, устань, і сядай, Ерусаліме! Разьвяжы путы на шыі тваёй, паланянка, дачка Сыёну! 
Бо гэта кажа ГОСПАД: «Задарма вы былі прададзеныя, і будзеце не за срэбра адкупленыя». 
Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Народ Мой перш зыйшоў у Эгіпет, каб жыць там, і Ашур без прычыны прыгнятаў яго. 
А цяпер што Мне тут рабіць, кажа ГОСПАД, бо народ Мой забраны дарма? Тыя, што пануюць над імі, хваляцца, кажа ГОСПАД, і ўсьцяж, кожны дзень імя Маё зьневажаюць. 
Дзеля таго народ Мой даведаецца імя Маё ў гэты дзень, бо Я — Той, Які гаворыць: “Вось Я!”» 
Якія прыгожыя на гарах ногі тых, што дабравесь­цяць і абвяшчаюць мір, дабравесьцяць дабро і абвяшчаюць збаўленьне, кажуць Сыёну: «Валада­рыць Бог твой»! 
Голас вартаўнікоў тваіх, яны ўзьнімаюць голас, разам сьпяваюць, бо на ўласныя вочы бачаць, як ГОСПАД вяртаецца на Сыён. 
Гаманіце радасна і сьпявайце разам, руіны Ерусаліму, бо пацешыў ГОСПАД народ Свой, адкупіў Ерусалім! 
Зьявіў ГОСПАД рамяно сьвятасьці Сваёй на вачах усіх народаў, і ўбачаць усе канцы зямлі збаўленьне Бога нашага. 
Ідзіце, ідзіце! Выходзьце адтуль! Не дакранайцеся нячыстага! Выходзьце з сярэдзіны яго! Ачысьціцеся, вы, якія нясеце начыньні ГОСПАДА! 
Бо вы выйдзеце, не сьпяшаючыся, і ня будзеце ісьці, быццам уцякаючы, бо пойдзе перад абліччам вашым ГОСПАД, а за вамі будзе аховай Бог Ізраіля. 
Вось, будзе мець посьпех Слуга Мой, Ён узьнімецца і ўзьвялічыцца, і будзе вельмі вялікі. 
Як шмат людзей аслупянела, гледзячы на Яго, бо так нялюдзка быў зьнявечаны выгляд Ягоны і постаць Ягоная стала непадобная на сына чалавечага. 
Так шматлікія народы зьдзівяцца, і валадары закрыюць вусны свае перад Ім, бо ўбачаць тое, пра што ім ніколі не расказвалі, і зразумеюць тое, пра што ня чулі. 
