﻿ІСАЯ.
48.
Слухайце гэта, дом Якуба, якія называецеся імем Ізраіля і якія выйшлі з водаў Юды, якія прысягаеце ў імя ГОСПАДА і Бога Ізраіля ўзгадваеце, хоць ня ў праўдзе і ня ў праведнасьці. 
Бо вы ад горада сьвятога называецеся і абапіраецеся на Бога Ізраіля, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае. 
Пра мінулае Я здаўна паведаміў вам, з вуснаў Маіх яно выйшла, і Я абвяшчаў пра яго, і раптам зрабіў гэта, і яно сталася. 
Я ведаў, што ты ўпарты, і што карак твой жалезны, а лоб твой — мядзяны. 
І Я прадказваў табе даўно, перш чым споўнілася гэта, расказаў табе, каб ты не сказаў: «Ідал мой зрабіў гэта, і адліты ідал мой і рэзьблены ідал мой загадалі гэта». 
Ты чуў і бачыў усё гэта, хіба цяпер не прызнаеш гэта? А цяпер Я абвяшчаю табе новае і таемнае, чаго ты ня ведаеш. 
Цяпер яно створана, а не здаўна і не за дзень, і ты ня чуў пра гэта, каб ты не сказаў: «Вось, я ведаў гэта». 
Ты нічога ня чуў, і нічога ня ведаў, і здаўна не адкрылася гэта для вуха твайго, бо Я ведаў, што ты здраднікам і бунтаўніком называешся ад улоньня маці. 
Дзеля імя Майго Я стрымаю гнеў Мой і дзеля хвалы Маёй стрымаю Сябе, каб ня зьнішчыць цябе. 
Вось, Я ператапіў цябе, але ня як срэбра, Я выспрабаваў цябе ў печы нядолі. 
Дзеля Сябе, дзеля Сябе Самога Я раблю гэта, каб не было зьняважана імя Маё. І славы Маёй Я не аддам другому. 
Слухай Мяне, Якуб, і Ізраіль, якога Я паклікаў. Гэта Я, Я — першы, і Я — апошні. 
Рука Мая заснавала зямлю, і правіца Мая расьцягнула неба. Я клічу іх, і яны становяцца разам. 
Зьбярыцеся ўсе і слухайце. Хто з вас распавёў пра гэта? ГОСПАД любіць яго, і ён выканае волю Ягоную ў Бабілоне, і рамяно Ягонае — на Халдэйцах. 
Я, Я прамовіў гэта і паклікаў яго, прывёў яго і даў посьпех шляху ягонаму. 
Наблізьцеся да Мяне і паслухайце гэта. Спрадвеку Я не гаварыў патаемна. Ад часу, калі гэта дзеялася, Я быў там. І цяпер Госпад ГОСПАД паслаў Мяне і Дух Ягоны. 
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель твой, Сьвяты Ізраіля: «Я — ГОСПАД, Бог твой, Які вучыць цябе карыснаму, Які вядзе цябе на шляху, па якім ідзеш. 
Калі б ты зважаў на прыказаньні Мае, стаўся б супакой твой, як рака, і праведнасьць твая — як хвалі марскія. 
І было б насеньне тваё, як пясок, а нашчадкі ўлоньня твайго — як зярняткі пяску, і не было б зьнішчанае і сьцёртае імя тваё перад абліччам Маім!» 
Выходзьце з Бабілону, уцякайце ад Халдэйцаў! З гоманам радасьці абвяшчайце, няхай чуюць гэта, разьнясіце гэта аж да краю зямлі, кажыце: «ГОСПАД адкупіў слугу Свайго Якуба». 
Ня смагнулі яны, калі Ён вёў іх праз пустыні. Ён вывеў ім ваду са скалы, рашчапіў скалу, і пацякла вада. 
Няма супакою для бязбожнікаў, кажа ГОСПАД. 
