﻿ІСАЯ.
47.
Зыйдзі і сядзь у пыл, дзяўчына, дачка Бабілону! Сядзь на зямлі, без пасаду, дачка Халдэйцаў! Бо ты больш ня будзеш называцца чульлівай і далікатнай. 
Вазьмі жорны і мялі муку, і здымі вэлюм твой, падкашы сукенку, адкрый ногі, пераходзь праз рэкі. 
І будзе адкрыты сорам твой, і ўбачаць ганьбу тваю! Я адпомшчу і не пашкадую нікога. 
Адкупіцель наш, ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, Сьвяты Ізраіля кажа. 
Сядзь моўчкі і ўвайдзі ў цемру, дачка Халдэйцаў, бо не назавуць цябе больш гаспадыняй над валадарствамі. 
Я загневаўся на народ Мой, апаганіў спадчыну Маю і аддаў іх у руку тваю, а ты не зьявіла ім ласкі, над старымі вельмі зацяжэла ярмо тваё. 
Ты казала: «Вечна я буду гаспадыняй», і не ўяўляла ў сэрцы тваім гэтага, і не нагадвала сабе пра канец твой. 
А цяпер паслухай гэта, прыгажуня, якая жывеш у бясьпецы, якая кажаш у сэрцы сваім: «Толькі я, і акрамя мяне няма нікога, не застануся ўдавой і не зазнаю сіроцтва!» 
Але прыйдзе да цябе і тое, і іншае. Раптам, у адзін дзень і сіроцтва, і ўдоўства зваляцца на цябе, нягледзячы на мноства чараваньняў тваіх, нягледзячы на моц мноства заклёнаў тваіх. 
Бо ты спадзявалася на злоснасьць тваю і казала: «Ніхто ня ўбачыць мяне». Мудрасьць твая і веданьне тваё падманулі цябе, і ты сказала ў сэрцы тваім: «Я, і больш ніхто!» 
Таму прыйдзе на цябе гора, і ня будзеш ведаць заклёну супраць яго, і спадзе на цябе бяда, і ня зможаш пазьбег­нуць яе, і прыйдзе на цябе раптам зьнішчэньне, пра якое ня ведаеш. 
Заставайся з заклёнамі тваімі і з мноствам чараваньняў тваіх, у якіх практыкавалася ад юнацтва твайго. Можа, будзеш мець з іх карысьць, а можа, напалохаеш каго. 
Ты стамілася ад мноства дарадцаў тваіх. Няхай ста­нуць і ратуюць цябе тыя, якія мераюць неба і глядзяць за зоркамі, і прадказваюць на кожны месяц, што мае прыйсьці да цябе. 
Вось, яны сталіся, як салома, агонь спаліць іх, і ня выратуюць яны душы сваёй ад рукі агню; бо гэта ня жар, якім грэюцца, гэта ня вогнішча, каб сядзець пры ім. 
Такімі стануць для цябе тыя, з якімі ты працавала, якія атачалі цябе ад юнацтва твайго. Кожны будзе блукаць у свой бок, і ніхто не ўратуе цябе. 
