﻿ІСАЯ.
46.
Упаў Бэль, сагнуўся Нэво. Сталіся ідалы іхнія для зьвяроў і для скаціны. Тое, што насілі вы на руках, палажылі як цяжар на змучаную жывёлу. 
Разам яны пазгіналіся і паваліліся, не змаглі вытрымаць цяжару, і душы іхнія пайшлі ў палон. 
Паслухайце Мяне, дом Якуба і ўся рэшта дому Ізраіля, якіх Я ўзяў ад улоньня маці, насіў на руках ад нараджэньня. 
І да вашай старасьці Я — Той Самы, і да сівізны Я буду трымаць вас; Я зрабіў вас, і Я буду насіць вас, буду трымаць і збаўляць. 
Да каго падобным і роўным вы зробіце Мяне? І з кім Мяне параўнаеце і да каго ўпадобніце? 
Тыя, што выцягваюць золата з капшука і срэбра важаць на вагах, наймаюць залатара, каб зрабіў бога, і кленчаць перад ім, і пакланяюцца яму, 
падымаюць яго на плечы і носяць, і стаўляюць яго на месцы ягоным; і ён стаіць, і з месца свайго ня рухаецца, а калі хто кліча яго, не адказвае і ад бяды не ратуе. 
Памятайце пра гэта і будзьце дарослымі! Вазьміце гэта да сэрца, адступнікі! 
Памятайце пра падзеі мінулыя, адвечныя, бо Я — Бог, і няма іншага Бога, няма падобнага да Мяне. 
Я прадказваю ад пачатку тое, што мае быць, і наперад — тое, што яшчэ ня сталася. Я кажу: «Рада Мая зьдзейсьніцца, і Я выканаю ўсю волю Маю». 
Я клічу з усходу птушку драпежную, і з зямлі далёкай — чалавека, які выканае раду Маю. Што Я прамовіў, тое і споўню, і што вырашыў, тое і зраблю. 
Слухайце Мяне, цьвёрдыя сэрцам, далёкія ад праведнасьці! 
Я наблізіў праведнасьць Маю, яна ўжо недалёка, і збаўленьне Маё не замарудзіць, і Я дам на Сыёне збаўленьне, і Ізраілю — славу Маю. 
