﻿ІСАЯ.
43.
І цяпер гэтак кажа ГОСПАД, Які стварыў цябе, Якуб, і зьляпіў цябе, Ізраіль: «Ня бойся, бо Я адкупіў цябе і паклікаў імя тваё, ты — Мой. 
Калі будзеш праходзіць праз воды, Я з табой, і калі пой­дзеш праз рэкі, яны не затопяць цябе. Калі пойдзеш праз агонь, не згарыш, і полымя не праглыне цябе. 
Бо Я — ГОСПАД, Бог твой, Сьвяты Ізраіля, Збаўца твой! Я даў Эгіпет на водкуп за цябе, Куш і Сэву замест цябе. 
Праз тое, што ты стаўся ў вачах Маіх дарагім і слаўным і Я люблю цябе, Я аддам людзей замест цябе і народы за душу тваю. 
Ня бойся, бо Я з табою! З усходу прывяду насеньне тваё і з захаду пазьбіраю цябе. 
Скажу поўначы: «Аддай!», і поўдню: «Ня стрымлівай! Прывядзі сыноў Маіх здалёк, і дочак Маіх з канцоў зямлі, 
і ўсіх, хто завецца імем Маім і каго Я стварыў дзеля славы Маёй, укшталтаваў і зьляпіў. 
Выведзі народ сьляпы, хоць ён мае вочы, і глухі, хоць вушы ёсьць у яго». 
Няхай усе народы зьбяруцца разам, і зыйдуцца плямёны. Хто з іх распавядзе пра гэта? Няхай аб’явяць пра мінулае. Няхай дадуць сведкаў сваіх і апраўдаюцца, каб можна было пачуць і сказаць: «Гэта праўда!» 
Вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, і слуга Мой, якога Я выбраў, каб вы даведаліся і верылі Мне, і зразумелі, што гэта Я. Да Мяне не было Бога і пасьля Мяне ня будзе. 
Я, Я — ГОСПАД, і акрамя Мяне няма Збаўцы. 
Я абвясьціў і збавіў, і даў пачуць; і няма ў вас іншага Бога, і вы — сьведкі Мае, кажа ГОСПАД, што Я — Бог. 
Ад дзён вечнасьці Я — Той Самы, і няма нікога, хто з рукі Маёй можа выратаваць! Я зьдзейсьніў, і хто можа зьмяніць гэта? 
Гэта кажа ГОСПАД, Адкупіцель ваш, Сьвяты Ізраіля: «Дзеля вас Я паслаў у Бабілон і сабраў усіх уцекачоў, а Халдэйцы на караблях крык узьнімуць. 
Я — ГОСПАД, Сьвяты ваш, Творца Ізраіля, Валадар ваш». 
Гэта кажа ГОСПАД, Які адкрыў шлях праз мора і сьцежку праз воды бурлівыя, 
Які вывеў калясьніцу і коньніка, дружыну і дужага, і яны разам паляглі і не падняліся, згарэлі, як кнот, які тухне. 
Але вы ня ўзгадвайце пра мінулае і пра старадаўняе не разважайце. 
Вось, Я раблю новае, цяпер яно вырастае. Ці ж вы гэтага ня ведаеце? Вось, Я раблю шлях у пустыні, а рэкі — у стэпе. 
Будуць славіць Мяне звяры палявыя, цмокі і страусы, бо Я даў ваду ў пустыні, і рэкі ў стэпе, каб напаіць народ Мой, выбраны Мой. 
Народ гэты Я ўкшталтаваў для Сябе, ён будзе абвяшчаць хвалу Маю. 
Але ты ня клікаў Мяне, Якуб, і ты, Ізраіль, не высіляўся дзеля Мяне. 
Не ахвяроўваў ты Мне ягня на цэласпаленьне і ахвярамі крывавымі тваімі не ўслаўляў Мяне. 
Не купляў ты Мне пахкага трысьнёгу за срэбра і тлустасьцю ахвяраў тваіх не насычаў Мяне. Але ты турбаваў Мяне грахамі тваімі і мучыў Мяне беззаконьнямі тваімі. 
Я, Я — Той, Які сьцірае правіны твае адносна Мяне, і ня памятае грахоў тваіх. 
Узгадай Мяне, будзем судзіцца разам, расказвай, каб апраўдацца табе. 
Бацька твой першым саграшыў, пасярэднікі твае адступіліся ад Мяне. 
І Я зганьбіў князёў сьвятыні тваёй, і аддаў Якуба на закляцьце зьнішчэньня, а Ізраіля — на зьнявагу. 
