﻿ІСАЯ.
38.
У тыя дні захварэў Эзэкія сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом твой, бо ты паміраеш і ня будзеш жыць”». 
І павярнуў Эзэкія аблічча сваё да сьцяны, і маліўся да ГОСПАДА, 
і казаў: «О, ГОСПАДЗЕ, узгадай, што я хадзіў перад абліччам Тваім у праўдзе і са шчырым сэрцам і рабіў тое, што добрае ў вачах Тваіх». І плакаў Эзэкія плачам вялікім. 
І было слова ГОСПАДА да Ісаі, кажучы: 
«Ідзі і скажы Эзэкіі: “Гэта кажа ГОСПАД, Бог Давіда, бацькі твайго. Я пачуў малітву тваю, убачыў сьлёзы твае. Вось, Я дадам да дзён тваіх пятнаццаць гадоў, 
і выратую ад рукі валадара Асірыі цябе і горад гэты, і абараню горад гэты. 
І гэта вось будзе табе на знак ад ГОСПАДА, што ГОСПАД выканае слова гэтае, якое Ён прамовіў. 
Вось, Я вярну цень сонечны на дзесяць прыступак га­дзіньніка Ахаза, па якіх сонца ўжо зыйшло па прыступках”». І вярнулася сонца на дзе­сяць прыступак, па якіх ужо зыйшло. 
Напісанае Эзэкіем, валадаром Юды, калі ён быў захварэў і акрыяў ад хваробы сваёй: 
«Я сказаў: “У палове дзён маіх мушу ісьці да брамы апраметнай, я пазбаўлены рэшты гадоў маіх”. 
Я сказаў: “Я ня ўбачу ГОСПАДА, ГОСПАДА ў зямлі жывых; і ня буду больш бачыць чалавека сярод тых, што жывуць у сьвеце”. 
Жытло маё разабрана і перанесена далёка ад мяне, як намёт пастухоў. Я зьвіваю, як ткач, жыцьцё маё; як нітку ад асновы Ён адрывае мяне, з дня да ночы Ён сканчвае жыцьцё маё. 
Я крычаў аж да раніцы. Як леў Ён скрышыў усе косткі мае. З дня да ночы Ён сканчвае жыцьцё маё. 
Я пішчу як ластаўка, як журавель, уздыхаю як галубка, стаміліся вочы мае, углядаючыся ўгору. ГОСПАДЗЕ, я прыгнечаны, паручыся за мяне! 
Што я маю сказаць? Ён што сказаў, тое і ўчыніў мне! Буду паволі ісьці праз усе гады мае ў горычы душы маёй. 
ГОСПАДЗЕ, гэтым жывуць людзі і ў-ва ўсім гэтым — жыцьцё духа майго. Аздараві мяне і ажыві мяне! 
Вось, супакоем зрабіў горыч маю вялікую. Ты вырваў душу маю з ямы загубы, і кінуў за сьпіну Тваю ўсе грахі мае. 
Бо не апраметная будзе славіць Цябе, і сьмерць ня будзе хваліць Цябе. Ня маюць надзеі на вернасьць Тваю тыя, што зыходзяць у магілу. 
Жывы, толькі жывы будзе славіць Цябе, як я сёньня. Бацька сынам паведаміць пра вернасьць Тваю. 
ГОСПАД збавіў мяне! І пад граньне музыкаў мы будзем сьпя­ваць усе дні жыцьця нашага ў Доме ГОСПАДА». 
І сказаў Ісая: «Няхай возьмуць аладку з фігаў і пакладуць на скулу, і ён ачуняе». 
І сказаў Эзэкія: «Які знак, што я ўвайду ў Дом ГОСПАДА!» 
