﻿ІСАЯ.
37.
І сталася, калі пачуў гэта валадар Эзэкія, разьдзёр шаты свае, апрануўся ў зрэбніцу і пайшоў у Дом ГОСПАДА. 
І паслаў ён Эліякіма, які быў загадчык палацу, і Шэўну, пісара, і старэйшых сьвятароў, апранутых у зрэбніцу, да прарока Ісаі, сына Амоса, 
і яны сказалі яму: «Гэта кажа Эзэкія: “Дзень гэты — дзень гора, і кары, і ганьбы, бо прыйшлі сыны, каб нарадзіцца, але няма сілы, каб нарадзіць. 
Можа, ГОСПАД, Бог твой, пачуе словы Рабсака, якога паслаў валадар Асірыі, гаспадар ягоны, каб зьневажаць Бога Жывога, і ГОСПАД, Бог твой, пакарае яго за словы, якія чуў? А ты ўзьнясі малітву за рэшту, якая яшчэ засталася”». 
І прыйшлі слугі валадара Эзэкіі да Ісаі. 
І сказаў ім Ісая: «Гэта скажыце гаспадару вашаму: “Так кажа ГОСПАД. Ня бойся словаў, якія ты чуў, якімі слугі валадара Асірыі зьневажалі Мяне. 
Вось, Я спашлю на яго духа, і ён пачуе вестку, і вернецца ў зямлю сваю, і Я ўдару яго мячом у зямлі ягонай”». 
І вярнуўся Рабсак, і знайшоў валадара Асірыі, які здабываў Лібну, бо пачуў, што ён адыйшоў з-пад Ляхішу. 
І пачуў валадар, што сказалі пра Тыргака, валадара Кушу: «Ён выйшаў ваяваць супраць цябе». І ён пачуў гэта, і паслаў пасланцоў да Эзэкіі, кажучы: 
«Гэта скажыце Эзэкіі, валадару Юды: “Няхай ня зводзіць цябе Бог твой, на Якога ты спадзяешся, кажучы: “Ня будзе аддадзены Ерусалім у рукі валадара Асірыі”. 
Вось, ты чуў, што зрабілі валадары Асірыі з усімі землямі, прызначаючы іх на загубу, а ты ці зможаш захавацца? 
Ці выратавалі богі тых народаў, якія зьнішчылі бацькі мае, Газан, Харан, Рэцэф і сыноў Эдэну, якія ў Тэлясары? 
Дзе валадар Хамату і валадар Арпаду, і валадар гарадоў Сэфарваіму, Гэны і Іввы?”» 
І ўзяў Эзэкія ліст гэты з рук пасланцоў, і прачытаў яго, і ўвайшоў у Дом ГОСПАДА, і разгарнуў яго перад абліччам ГОСПАДА. 
І маліўся Эзэкія да ГОСПАДА, кажучы: 
«ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля, Які сядзіш на херувімах! Ты — адзіны Бог над усімі валадарствамі зямлі, Ты стварыў неба і зямлю. 
Нахілі, ГОСПАДЗЕ, вуха Тваё і пачуй; адкрый, ГОСПАДЗЕ, вочы Твае і пабач! І выслухай усе словы Санхерыва, якія ён паслаў, каб зьневажаць Бога Жывога! 
Праўда, ГОСПАДЗЕ, што валадары Асірыі зьнішчылі ўсе народы і землі іхнія. 
У агонь яны кінулі багоў іхніх, бо яны не былі багамі, але творамі рук чалавечых, дрэвам і камянём, і зьнішчылі іх. 
А цяпер, ГОСПАДЗЕ, Божа наш, збаў нас ад рукі ягонай, і няхай ведаюць усе валадары зямлі, што Ты, ГОСПАДЗЕ, — адзіны Бог!» 
І паслаў Ісая, сын Амоса, да Эзэкіі, кажучы: «Гэта кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля: “Я пачуў тое, пра што ты маліўся да Мяне адносна Санхерыва, валадара Асірыі”. 
Вось слова, якое прамовіў ГОСПАД пра яго: “Насьміхаецца з цябе, пагарджае табою дзяўчына, дачка Сыёну. За табою ківае галавой дачка Ерусаліму. 
Каго зьневажаў ты і на Каго блюзьніў? Супраць Каго падняў ты голас і ўверх узьняў вочы твае? Супраць Сьвятога Ізраілева! 
Праз рукі слугаў тваіх ты зьневажаў Госпада і казаў: “З мноствам калясьніцаў маіх я ўзыйшоў на горы высокія, на схілы Лібану, і выразаў гонкія кедры ягоныя, і найпрыгажэйшыя кіпарысы ягоныя, і дайшоў аж да вяршыняў ягоных, у нетры садоў ягоных. 
Я капаю студню і п’ю ваду, і высушваю стопамі ног маіх усе рэкі Эгіпецкія”. 
Хіба ты ня чуў, што даўно Я зрабіў гэта, у дні старадаўнія Я прызначыў гэта, а цяпер зьдзяйсняю, што ты нішчыш гарады ўмацаваныя, ператвараючы іх у купу друзу. 
Жыхары іхнія маюць рукі слабыя, яны стрывожаныя і зьбянтэжаныя; і сталіся як сена ў полі, як зеляніна маладая і як трава на даху, спаленая перш, чым сасьпела. 
Ці ты сядзіш, ці выходзіш, ці ўваходзіш — Я ведаю, і ведаю злоснасьць тваю адносна Мяне. 
За тое, што ты злуешся на Мяне і што пыха твая дайшла да вушэй Маіх, Я ўкладу кальцо Маё ў ноздры твае і цуглі Мае ў рот твой, і выведу цябе на дарогу, па якой ты прыйшоў”. 
А для цябе, Эзэкія, такі знак: “Ешце ў гэтым годзе тое, што засталося ад сабранага зерня, а ў другі год — тое, што само вырасьце, а ў трэці год сейце і зьбірайце, садзіце вінаграднікі і ешце плады іхнія. 
І тое, што застанецца з дому Юды, пусьціць корань у глыб і дасьць плод угару. 
Бо з Ерусаліму выйдзе рэшта, і збаўленыя — з гары Сыён. Рэўнасьць ГОСПАДА Магуцьцяў зробіць гэта”. 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД пра валадара Асірыі: “Ня ўвойдзе ён у горад гэты, і ня выпусьціць ён туды стралы; і не наставіць супраць яго шчыт, і не насыпле кругом яго валу. 
Шляхам, якім ён прыйшоў, вернецца, і ў горад гэты ня ўвойдзе, кажа ГОСПАД. 
Я абараню горад гэты і выратую яго дзеля Сябе і дзеля Давіда, слугі Майго”». 
І выйшаў анёл ГОСПАДА, і забіў у табары Асірыйцаў сто восемдзясят пяць тысячаў чалавек. І ўсталі раніцаю, і вось, усе яны мёртвыя. 
І Санхерыў, валадар Асірыі, сабраў табар і адыйшоў, і вярнуўся, і затрымаўся ў Нініве. 
І сталася, калі ён пакланяўся ў доме Нісроха, бога свайго, Адрамэлех і Шарэцэр, сыны ягоныя, забілі яго мячом і ўцяклі ў зямлю Арарат. І сын ягоны Эсар-Хадон заваладарыў пасьля яго. 
