﻿ІСАЯ.
35.
Няхай весяліцца пустыня і зямля сухая, няхай радуецца стэп і няхай красуе як нарцыс! 
Няхай, квітнеючы, заквітнее і няхай радуецца з ускліканьнямі і сьпяваньнем, бо слава Лібану дадзена ёй, прыгажосьць Кармэлю і Шарону. Яны ўбачаць славу ГОСПАДА, веліч Бога нашага. 
Умацуйце рукі зьнясіленыя і калені самлелыя зрабіце моцнымі. 
Кажыце палахлівым сэрцам: «Будзьце моцнымі, ня бойцеся! Вось Бог ваш, помста надыходзіць, адплата Божая. Ён Сам прыйдзе і збавіць вас». 
Тады расплюшчацца вочы сьляпых, і вушы глухіх адкрыюцца. 
Тады кульгавы будзе скакаць як алень, і засьпявае язык нямога, бо пацякуць воды ў пустыні і струмяні ў стэпе. 
І станецца выпаленая зямля возерам, а засьмягшая зямля — крыніцай вады, і ў логавішчах цмокаў, дзе месца супачынку іхняга, вырастуць трысьнёг і чарот. 
І будзе там гасьцінец і шлях, і назавуць яго шляхам сьвятым, і ня будзе хадзіць па ім нячысты, і будзе ён толькі для іх, і неразумны не заблукае, калі пойдзе шляхам гэтым. 
Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя. 
І вернуцца выбаўленыя ГОСПАДАМ, і ўзыйдуць на Сыён са сьпяваньнем, і радасьць вечная будзе на галовах іхніх. Вясёласьць і радасьць будуць з імі, смутак і стагнаньне ўцякуць ад іх. 
