﻿ІСАЯ.
34.
Наблізьцеся, народы, каб пачуць! І вы, плямёны, зважайце! Няхай чуе зямля і ўсё, што напаўняе яе, сусьвет і ўсё, што ў ім жыве! 
Бо ГОСПАД у гневе супраць усіх народаў і ў абурэньні супраць усяго войска іхняга. Ён зрабіў іх закляцьцем і аддаў іх на загубу. 
І забітыя іхнія будуць параскіданыя, і ад трупаў іхніх будзе ўздымацца смурод; і размокнуць горы ад крыві іхняй. 
І пазьнікае ўсё войска нябеснае, і скруціцца неба як скрутак кніжны, і ўсе зоркі іхнія пападаюць, як падае лістота з лазы вінаграднай, і як падаюць плады з дрэва фігавага. 
Бо ап’янеў на небе меч Мой. Вось, ён зыходзіць на Эдом, на народ, які Я аддаў на закляцьце, на суд. 
Меч ГОСПАДА поўны крыві, насычаны тлушчам, крывёй ягнятаў і казлоў, тлустасьцю нырак бараноў, бо для ГОСПАДА ахвяра ў Боцры, разьня вялікая ў зямлі Эдом. 
І падаюць бугаі разам з імі, і цяляты разам з быкамі, і будзе напоена зямля іхняя крывёю, і парахно іхняе будзе насычана тлустасьцю, 
бо гэта — дзень помсты ГОСПАДА, год адплаты за спрэчку супраць Сыёну. 
І заменяцца ручаі ягоныя ў смалу, а пыл ягоны — у серку, і станецца зямля ягоная смалою, што палае. 
Ня згасьне яна ані ўдзень, ані ўначы, і дым ейны будзе падымацца на вякі. З пакаленьня ў пакаленьне будзе спустошана, і на вякі вякоў ніхто праз яе ня пройдзе. 
Пэлікан і вожык абжывуцца ў ёй, пугач і крумкач будуць жыць у ёй, і будзе расьцягнута над ёю мерная вяроўка спусташэньня і камень грунтвагі зьнішчэньня. 
Кіраўнікоў ейных ня будзе там, і не абвесьцяць валадарства, і ўсе князі ейныя будуць нічым. 
І вырастуць церні ў палацах ейных, асот і крапіва — у замках ейных, і станецца яна сялібай цмокаў і загарадкай для страусаў. 
І будуць сустракацца зьвяры пустыні з шакаламі, і казёл будзе клікаць сябра свайго; там ліліт супакоіцца і знойдзе для сябе адпачынак. 
Там зробіць гняздо кобра, і будзе класьці яйкі, і будзе выседжваць іх, будзе грэць іх у ценю ейным. Там будуць каршуны зьбірацца адзін да аднаго. 
Пашукайце ў кнізе ГОСПАДА і чытайце: «Аніводнага з іх ня будзе бракаваць, адзін аднаго ня будзе шу­каць, бо вусны Госпада загадалі і Дух Ягоны, Ён іх сабраў. 
І Ён кінуў для іх жэрабя, і рука Ягоная разьдзяліла зямлю для іх мернай вяроўкай, і яны ўспадкаемяць яе на вякі, і з пакаленьня ў пакаленьне будуць жыць на ёй». 
