﻿ІСАЯ.
32.
Вось, валадар будзе панаваць у праведнасьці, і князі кіраваць будуць у правасудзьдзі. 
І будзе кожны з іх як сховішча ад ветру і як заслона ад буры, як струмяні вады ў пустыні, як цень цяжкай скалы на зямлі спрагнёнай. 
І ня будуць заплюшчаныя вочы тых, якія бачаць, а вушы тых, якія слухаюць, будуць чуць. 
І сэрца лёгкадумных зразумее веданьне, а язык невымоўных будзе гаварыць выразна. 
Дурань ня будзе ўжо называны шляхетным, і пра ашуканца ня будуць казаць як пра дастойнага. 
Бо дурань прамаўляе недарэчнасьці, а сэрца ягонае ўчыняе беззаконьне, каб рабіць нягоднае і гаварыць блюзьнерства супраць ГОСПАДА, каб душу галоднага пазбавіць хлеба і ня даць пітва спрагнёнаму. 
Ашуканствы ашуканца ліхія, ён задумляе падступнае, каб загубіць бедных словамі хлусьлівымі, калі ўбогі будзе прамаўляць пра суд. 
А шляхетны чалавек думае шляхетна і сам трымаецца рэчаў шляхетных. 
Жанчыны бестурботныя, устаньце, паслухайце голас Мой. Дочкі самаўпэўненыя, прыхіліце вуха да слова Майго. 
Праз год і некалькі дзён вы будзеце дрыжаць, самаўпэўненыя, бо скончыўся збор вінаграду, і другі збор пладоў ня прыйдзе. 
Турбуйцеся, бестурботныя, дрыжыце, самаўпэўненыя! Распраніцеся і станьце голымі, падперажыце сьцёгны вашыя лахманамі. 
Біце сябе ў грудзі з прычыны поля прывабнага, з прычыны вінаградніку ўрадлівага, 
з прычыны зямлі народу Майго, на якую зыходзяць церні і асот, з прычыны ўсіх дамоў радасьці, з прычыны гораду вясёлага. 
Бо палац будзе пакінуты, гоман гораду спыніцца; Афэль і вежа стануцца пячорамі на вякі, радасьцю для дзікіх аслоў і выганам для чародаў, 
аж пакуль будзе выліты на нас Дух з вышыні. І станецца пустыня садам, а сад будзе лічыцца лесам. 
І будзе жыць у пустыні суд, а праведнасьць паселіцца ў садзе. 
І будзе працаю праведнасьці мір, а плодам праведнасьці — спакой і бясьпека на вякі. 
І будзе жыць народ Мой у сядзібе супакою і ў сялібах бясьпечных, і ў месцах супачыну зацішных, 
хоць будзе падаць град і паваліць лес, а горад зыйдзе ў нізіну. 
Шчасьлівыя вы, якія сееце пры ўсіх водах, адпускаючы на волю ногі валоў і аслоў. 
