﻿ІСАЯ.
29.
Гора табе, Арыэль, Арыэль, горад, у якім разлажыўся табарам Давід! Дадайце год да году, і ўрачыстасьці няхай скончаць свой кругабег. 
І Я прыцісну Арыэля, і станецца смутак і стогн, і ён станецца для Мяне як вогнішча Божае. 
І Я разлажу табар супраць цябе, атачу цябе валам, і пастаўлю супраць цябе вежы. 
І ты будзеш паніжаны, з зямлі будзеш гаварыць, з пылу будуць гучаць словы твае, і будзе голас твой нібы пішчаньне з зямлі, і словы твае з пылу будуць як мармытаньне. 
І будзе як дробны пыл мноства ворагаў тваіх, і мноства крыўдзіцеляў тваіх — як рассыпаная мякіна. І станецца гэта раптоўна, неспадзявана. 
І наведае цябе ГОСПАД Магуцьцяў грымотамі, землятрусамі, гукам вялікім, бураю, віхураю і полымем агню зьнішчальнага. 
І будзе як сон, як відзеж начны, мноства ўсіх народаў, якія ваююць супраць Арыэля, і ўсе, якія ваююць супраць яго і супраць цьвярдыні ягонай і якія прыгнятаюць яго. 
І будзе так, як галодны сьніць, што ён есьць, і будзіцца, і пустая душа ягоная, і як сьніць засьмягшы, што п’е, і будзіцца, і вось, ён змучаны і засьмягшая душа ягоная. Так будзе з мноствам усіх народаў, якія ваю­юць супраць гары Сыён. 
Аслупянейце і зьдзівіцеся, заляпіце сабе вочы і будзьце сьляпымі, ап’янейце, але не ад віна, хістайцеся, але не ад сікеры. 
Бо выліў на вас ГОСПАД духа сну, заплюшчыў вочы вашыя, і прарокаў, і галоваў вашых, і відушчых зацемрыў. 
І будзе для вас кожны відзеж як словы кнігі запячатанай, якую даюць таму, які ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе», а той кажа: «Не магу, бо яна запячатаная». 
І даюць кнігу гэтую таму, які ня ўмее чытаць, кажучы: «Чытай яе!», а ён кажа: «Я ня ўмею чытаць». 
І сказаў Госпад: «За тое, што народ гэты набліжаецца да Мяне толькі вуснамі сваімі і славіць Мяне губамі сваімі, а сэрца ягонае далёка ад Мяне, і страх іхні перада Мною — толькі прыказаньне чалавечае, якое вывучылі яны, 
таму вось, Я зноў учыню дзіўнае з народам гэтым, робячы цуды і дзівосы. І загіне мудрасьць мудрацоў іхніх, і разумнасьць разумных іхніх зьнікне». 
Гора тым, якія глыбока хаваюць намеры свае перад ГОСПАДАМ, і ўчынкі іхнія схаваныя ў цемры, і яны кажуць: «Хто бачыць нас і хто ведае пра нас?» 
Гэта падступнасьць вашая! Ці можа ганчар лічыцца роўным з глінаю? Ці можа твор сказаць таму, хто зрабіў яго: «Ты не зрабіў мяне»? Ці можа гаршчок сказаць ганчару свайму: «Ты нічога не разумееш»? 
Хіба ня ў хуткім часе Лібан пераменіцца ў сад, а сад будзе прызнаны за лес? 
І ў той дзень глухія пачуюць словы кнігі, а вочы сьляпых, звольненыя ад туману і цемры, убачаць, 
і пакорныя павялічаць радасьць сваю ў ГОСПАДЗЕ, а ўбогія зямлі будуць цешыцца ў Сьвятым Ізраіля. 
Бо зьнік крыўдзіцель, і прыйшоў канец насьмешніку, і зьнішчаныя ўсе, якія ганяліся за ліхоцьцем, 
якія словамі схілялі чалавека да грэху, якія ў браме ставілі пастку для судзьдзяў і зводзілі падманам праведнага. 
Дзеля гэтага так кажа ГОСПАД, Які адкупіў Абрагама, да дому Якуба: «Ня будзе цяпер асаромлены Якуб, і не зьбя­лее цяпер аблічча ягонае, 
бо калі ён убачыць пасярод сябе дзяцей сваіх, справу рук Маіх, ён будзе сьвя­ціць імя Маё, і будуць шанаваць Сьвятога Якуба, і будуць баяцца Бога Ізраіля. 
І тыя, якія блукаюць духам, пазнаюць разуменьне, а тыя, якія наракаюць, навучацца розуму». 
