﻿ІСАЯ.
28.
Гора кароне пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма, зьвялай кветцы слаўнай аздобы ягонай, якая расьце на вяршыні даліны ўрадлівай, ап’янеўшы ад віна! 
Вось, ад ГОСПАДА прыходзіць дужы і магутны, як бура з градам, як ураган зьнішчальны, як паводка залеўная, і кіне яго на зямлю рукою сваёй. 
Нагамі будзе патаптана карона пыхлівасьці п’яніцаў Эфраіма. 
І станецца, што зьвялая кветка слаўнай аздобы ягонай, якая расьце на вяршыні даліны ўрадлівай, будзе як рана сасьпелая фіга перад жнівом, якую, калі нехта ўбачыць, зрывае далоняй сваёй і зьядае яе. 
У той дзень ГОСПАД Магуцьцяў будзе каронай славы і велічнай дыядэмай для рэшты народу Свайго, 
і духам правасудзьдзя для таго, хто сядзіць у судзе, і мужнасьцю для тых, хто адкідае ворага ў бітве пры браме. 
А гэтыя блукаюць ад віна, і ад сікеры хістаюцца, сьвятар і прарок блукаюць ад сікеры, напіліся віна, хістаюцца ад сікеры, блукаюць у відзежы, спатыкаюцца ў пастановах сваіх. 
Бо ўсе сталы поўныя ванітаў і запэцканыя, што няма месца чыстага. 
Каго такі будзе вучыць веданьню? І каму будзе тлумачыць вучэньне? Дзецям, аднятым ад малака? Немаўлятам, аднятым ад грудзей? 
Бо прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху. 
Бо незразумелымі вуснамі і языком чужым будзе прамаўляць да народу гэтага 
Той, Які сказаў ім: «Вось супачынак! Дайце супачыць змучанаму! Вось адпачынак!» Але яны не хацелі слухаць. 
І было да іх слова ГОСПАДА: «Прыказаньне за прыказаньнем, прыказаньне за прыказаньнем, правіла за правілам, там крыху і там крыху», каб яны пайшлі і ўпалі на сьпіну, і разьбіліся, і каб ублыталіся, і каб былі схопленыя. 
Дзеля гэтага паслухайце слова ГОСПАДА, людзі блюзьнерчыя, якія пануеце над народам гэтым, які жыве ў Ерусаліме. 
Вы кажаце: «Мы заключылі запавет са сьмерцю і з адхланьню зрабілі дамову. Калі пройдзе біч навалы ворагаў, ён ня дойдзе да нас, бо хлусьню мы зрабілі прыстанішчам нашым, і ў ашуканстве мы схаваліся». 
Дзеля гэтага так кажа Госпад ГОСПАД: «Вось, Я кладу на Сыёне камень, камень выпрабаваны, вуглавы, каштоўны, моцна ўгрунтаваны. Хто верыць у Яго, ня будзе ўцякаць. 
І Я пастаўлю суд як мерку і праведнасьць як грунтвагу, і град зьнішчыць прыстанішча хлусьні, і схоў ейны воды затопяць. 
І будзе разарваны запавет ваш са сьмерцю, і дамова вашая з адхланьню не ўтрымаецца. Калі пройдзе біч навалы ворагаў, будзеце імі стаптаныя. 
Колькі разоў пойдзе навала, схопіць вас, бо будзе яна праходзіць кожную раніцу, і ўдзень, і ўначы, і будзеце з жахам чуць вестку гэтую. 
Бо надта кароткім будзе ложак, каб на ім выцягнуцца, і вузкім накрыцьцё, каб ім накрыцца. 
Бо паўстане ГОСПАД, як на гары Перацым, як у даліне ў Гібэоне, будзе Ён гневацца, каб учыніць справу Сваю, дзіўную справу Сваю, каб выканаць работу Сваю, незвычайную работу Сваю. 
І цяпер не насьміхайцеся, каб не заціснуліся кайданы вашыя; бо я чуў ад Госпада, ГОСПАДА Магуцьцяў, што прызначана зьнішчэньне для ўсёй зямлі. 
Прыхіліце вуха і паслухайце голас Мой, будзьце ўважлівыя і паслухайце словы Мае! 
Ці кожны дзень араты арэ для сяўбы, барануе і абрабляе ральлю сваю? 
Ці ж ён, калі выраўняе аблічча ейнае, ня сее чарнуху і не рассыпае кмен? Ці ня сее ён пшаніцу і ячмень на выбраным месцы, і жыта ў межах яе? 
І навучае яго пра такі парадак Бог ягоны, і вучыць яго. 
Бо не малоцяць чарнухі зубцамі жалезнымі, колам ад возу не качаюць па кмене, але цэпам выбіваецца чарнуха, а кмен — палкаю. 
Ці таўкуць збожжа? Не бясконца малоціць яго малацьбіт, ён цягае па ім кола возу свайго, але коні ягоныя не таўкуць яго. 
Гэта таксама выйшла ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Ён даў цудоўную раду, і вялікая мудрасьць Ягоная. 
