﻿ІСАЯ.
26.
У той дзень у зямлі Юды будуць сьпяваць гэты сьпеў: «Горад магутны ў нас! Збаўленьне Сваё Ён даў замест муроў і валоў. 
Адчыніце брамы! Няхай увойдзе народ праведны, які захоўвае вернасьць. 
Таго, чые думкі скіраваныя на Цябе, Ты захоўваеш у поўным супакоі, бо ён на Цябе спадзяецца. 
Спадзявайцеся на ГОСПАДА заўсёды; бо ГОСПАД, ГОСПАД — скала вечная. 
Бо Ён упакорыў тых, якія жывуць на вышынях, панізіў горад высокі, панізіў яго аж да зямлі, кінуў яго ў парахно. 
Топча яго нага, топчуць ногі ўбогага, стопы бедных. 
Сьцежка для праведніка простая, простыя крокі праведніка Ты робіш роўнымі. 
І на сьцежцы судоў Тваіх, ГОСПАДЗЕ, мы маем надзею на Цябе. Да імя Твайго і памяці пра Цябе імкнецца душа. 
Душа мая прагне Цябе ўначы, і дух мой у нутры маім шукае Цябе, бо калі суды Твае адбываюцца на зямлі, навучаюцца праведнасьці жыхары сусьвету. 
Калі зьлітуюцца над бязбожнікам, ён не навучыцца праведнасьці, і будзе ліхадзеіць у зямлі справядлівых і ня будзе глядзець на веліч ГОСПАДА. 
ГОСПАДЗЕ, узнесеная рука Твая, але яны ня бачаць. Няхай убачаць і асаромяцца тыя, што зайздросьцяць народу Твайму, і няхай агонь праглыне ворагаў Тваіх. 
ГОСПАДЗЕ, Ты даеш супакой нам, бо ўсе справы нашыя Ты выканаў для нас. 
ГОСПАДЗЕ, Божа наш, іншыя гаспадары, а ня Ты, панавалі над намі, але мы толькі Цябе і імя Тваё ўзгадваем. 
Памёршыя не ажывуць, мёртвыя не падымуцца, бо Ты пакараў іх і зьнішчыў, і сьцёр усякую памяць пра іх. 
Ты памножыў народ, ГОСПАДЗЕ, памножыў народ і праславіў Сябе, пашырыў усе межы зямлі. 
ГОСПАДЗЕ, у прыгнёце мы шукалі Цябе, маліліся ціха, калі кара Твая была на нас. 
Калі цяжарная мае нарадзіць, яна крычыць і енчыць у болю сваім, так і мы сталіся перад абліччам Тваім, ГОСПАДЗЕ! 
Мы былі цяжарнымі і качаліся ад болю, але нарадзілі вецер, нічога не зрабілі для збаўленьня зямлі, і жыхары сусьвету не адрадзіліся. 
Ажывуць памёршыя Твае, і пазабіваныя ўваскрэснуць. Абудзіцеся і сьпявайце, вы, што ляжыце ў парахне, бо раса Твая — раса сьвятла, і зямля аддасьць памёршых сваіх. 
Ідзі, народзе мой, увайдзі ў пакоі свае, зачыні дзьверы свае за сабою! Схавайся на малую хвілінку, пакуль праміне гнеў Ягоны. 
Бо вось, ГОСПАД выходзіць з месца Свайго, каб наведаць беззаконьне жыхароў зямлі, кожнага з іх. І зямля адкрые кроў, пралітую на ёй, і не схавае больш забітых сваіх. 
