﻿ІСАЯ.
25.
ГОСПАДЗЕ, Ты — Бог мой! Я буду ўзьвялічваць Цябе і хваліць імя Тваё, бо Ты ўчыніў цуды, выканаў намеры даўнейшыя, праўдзівыя. 
Ты ператварыў горад у купу друзу, горад умацаваны — у руіны; палацу чужынцаў няма больш у горадзе, і ня будзе ён адбудаваны на вякі. 
Дзеля гэтага будзе славіць Цябе народ моцны, горад народаў гвалтоўных будзе баяцца Цябе. 
Бо Ты стаўся цьвярдыняй для беднага, цьвярдыняй для ўбогага ў бядзе ягонай, прыстанішчам ад буры, ценем ад сьпёкі, бо подых моцных — як бура супраць сьцяны. 
Як сьпёку ў пустыні, гэтак чужынцаў Ты супакоіў; як сьпёку спыняе цень хмары, Ты спыніў песьню моцных. 
І зробіць ГОСПАД Магуцьцяў на гары гэтай для ўсіх народаў гасьціну са страваў тлустых, гасьціну з вінаў адборных, з тлустым шпікам і адборнымі вінамі найвыдатнейшымі. 
І Ён зьнішчыць на гары гэтай заслону, якая закрывае ўсе плямёны, і пакрыцьцё, якое ляжыць на ўсіх народах. 
Будзе зьнішчана сьмерць назаўсёды, і вытра Госпад ГОСПАД сьлязу з кожнага аблічча, і ганьбу народу Свайго здыме Ён з усёй зямлі, бо ГОСПАД прамовіў гэта. 
І скажуць у той дзень: «Вось, Бог наш, Той, на Якога мы спадзяваліся, і Ён збавіў нас! Гэта ГОСПАД, на Якога мы спадзяваліся, будзем цешыцца і радавацца ў збаўленьні Ягоным!» 
Бо супачыне рука ГОСПАДА на гары гэтай, а Мааў будзе стаптаны на месцы сваім, як топчуць салому ў гной. 
І выцягне ён пасярод сябе рукі свае, як выцягвае іх той, хто плыве, каб плысьці; і Госпад упакорыць пыху ягоную разам з намаганьнямі рук ягоных. 
І магутныя ўмацаваньні муроў тваіх Ён разваліць, пераверне і скіне на зямлю, аж у пыл. 
