﻿ІСАЯ.
23.
Цяжар адносна Тыру. Лямантуйце, караблі Таршышу, бо зьнішчаны дом ваш. Калі яны вярталіся з зямлі Кіттым, аб’яўлена ім гэта. 
Замаўчыце, жыхары ўзьбярэжжа, купцы Сідонскія, якія падарожнічалі па моры і напоўнілі цябе, 
і па водах прывозілі насеньне Шыхору, жніво ракі Ніл, прыбытак ягоны, які быў таварам для народаў. 
Засаромся, Сідон, бо сказала мора, цьвярдыня марская, кажучы: «Я ня мучылася родамі і не нарадзіла, і не ўзгадавала юнакоў, і ня выхавала дзяўчат». 
Калі вестка гэтая дойдзе да Эгіпту, яны здрыгануцца, пачуўшы пра Тыр. 
Перапраўцеся ў Таршыш! Галасіце, жыхары ўзьбярэжжа. 
Ці гэта ваш горад вясёлы, якога пачатак здаўна? Ногі нясуць яго далёка, каб пасяліцца там. 
Хто пастанавіў гэта адносна Тыру, які раздаваў кароны? Купцы ягоныя былі князямі, а гандляры ягоныя былі ў славе на зямлі. 
ГОСПАД Магуцьцяў пастанавіў гэта, каб упакорыць пыху ўсякай славы і каб панізіць усіх слаўных на зямлі. 
Ідзі ў зямлю тваю, як рака, дачка Таршышу, бо перашкоды ўжо няма. 
Ён выцягнуў руку Сваю над морам, затрос валадарствамі. ГОСПАД загадаў адносна Ханаану, каб зьнішчыць цьвярдыню ягоную, 
і сказаў: «Ня будзеш ты больш весяліцца, спаганеная дзяўчына, дачка Сідону! Устань, перайдзі ў Кіттым, але і там ня будзеш мець супакою». 
Вось, зямля Халдэйцаў, такога народу ўжо няма, Асірыя прызначыла яе для зьвяроў пустыні. Яны збудавалі вежы свае; зруйнавалі палацы іхнія, ператварылі іх у руіну. 
Лямантуйце, валадары Таршышу, бо спустошана цьвярдыня вашая. 
І станецца ў той дзень, што на Тыр забудуцца на семдзясят гадоў, як дні аднаго валадара. Калі скончацца семдзясят гадоў, станецца Тыру, як у тым сьпеве пра распусьніцу: 
«Вазьмі гусьлі, абыйдзі горад, блудніца забытая! Зайграй прыемна, памнож сьпевы, каб ізноў прыгадалі цябе!» 
І станецца, калі скончацца семдзясят гадоў, ГОСПАД наведае Тыр, і ён вернецца да прыбытку свайго, і будзе распусьнічаць з усімі валадарствамі сьвету на абліччы зямлі. 
І станецца, што заробак ягоны і прыбытак ягоны бу­дуць пасьвячоныя ГОСПАДУ, і ня будуць яны зьбіраныя, і ня будуць хаваныя, бо для тых, якія жывуць перад абліччам ГОСПАДА, будзе заробак ягоны, каб яны маглі есьці ўдосталь і апранацца раскошна. 
