﻿ІСАЯ.
19.
Цяжар адносна Эгіпту. Вось, ГОСПАД нясецца на лёгкім воблаку і ўваходзіць у Эгіпет. І задрыжаць ідалы Эгіпецкія перад абліччам Ягоным, і сэрца Эгіпту растопіцца ў грудзях ягоных. 
І падымуцца Эгіпцяне супраць Эгіпцянаў; і будзе ваяваць кожны супраць брата свайго, і кожны супраць бліжняга свайго, горад супраць гораду, валадарства супраць валадарства. 
І заломіцца дух Эгіпту ў ім самім. І Я заблытаю раду ягоную, яны будуць радзіцца з ідаламі, з духамі памёршых, з чараўнікамі і з варажбітамі. 
І Я аддам Эгіпет у рукі гаспадара жорсткага, і валадар люты будзе панаваць над імі, кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў. 
І зьнікне вада ў моры, і рака будзе сохнуць і высахне. 
І засьмярдзяць рэкі, і ручаі ў Эгіпце зьмялеюць і высахнуць, а трысьнёг і чарот зьвянуць. 
Палі пры рацэ, на берагах ракі, і ўсё пасеянае пры рацэ высахне, будзе разьвеянае і прападзе. 
І будуць засмучаныя ўсе рыбакі, і будуць плакаць тыя, якія закідваюць вуду ў раку, а тыя, якія ставяць нерат на абліччы вады, страцяць надзею. 
І асаромяцца тыя, якія працуюць пры чэсаным лёне, і ткачы палотнаў зьбялеюць. 
І будуць парваныя асновы Эгіпту, і тыя, што працуюць за плату, будуць зьбянтэжаныя ў душы сваёй. 
О, як здурнелі князі Цаану! Мудрыя даюць фараону раду недарэчную. Як вы можаце казаць фараону: «Я — сын мудрацоў, сын валадароў старадаўніх»? 
Дзе цяпер мудрацы твае? Няхай яны пакажуць табе і няхай дадуць ведаць, што вырашыў ГОСПАД Магуцьцяў адносна Эгіпту. 
Здурнелі князі Цаану, падманутыя князі Нофу, ашукалі Эгіпет старшыні плямёнаў ягоных. 
ГОСПАД даў яму дух ап’яненьня, каб Эгіпет блукаў у-ва ўсіх справах сваіх, як блукае п’яніца ў ванітах сваіх. 
Няма ў Эгіпце такой справы, якую могуць зрабіць галава і хвост, пальма і чарот. 
У той дзень станецца Эгіпет нібы жанчыны, будзе дрыжэць і будзе палохацца ад выгляду ўзьнятай рукі ГОСПАДА Магуцьцяў, якую Ён падыме супраць іх. 
І станецца зямля Юды жахам для Эгіпту. Кожны, хто ўзгадае пра яе, напалохаецца перад абліччам намеру ГОСПАДА Магуцьцяў, які Ён пастанавіў супраць яго. 
У той дзень будзе пяць гарадоў у зямлі Эгіпецкай, якія будуць гаварыць моваю ханаанскаю і прысягаць на ГОСПАДА Магуцьцяў. Адзін з іх будзе звацца Ір-Гахерэс. 
У той дзень будзе ахвярнік для ГОСПАДА пасярод зямлі Эгіпецкай, а слуп для ўшанаваньня ГОСПАДА — на мяжы ейнай. 
І будзе ён на знак і на сьведчаньне для ГОСПАДА Магуцьцяў у зямлі Эгіпецкай. Бо калі яны будуць клікаць да ГОСПАДА перад абліччам прыгнятальнікаў, Ён пашле ім збаўцу, і абароніць, і выратуе. 
І ГОСПАД дасьць ведаць Сябе Эгіпту, і Эгіпет пазнае ГОСПАДА ў той дзень, і будуць служыць Яму ахвярамі крывавымі і ахвярамі хлебнымі, і будуць складаць абяцаньні ГОСПАДУ, і спаўняць іх. 
І ўдарыць ГОСПАД Эгіпет плягаю, і аздаровіць; і яны навернуцца да ГОСПАДА, і Ён выслухае іх, і вылекуе іх. 
У той дзень будзе бітая дарога з Эгіпту ў Асірыю. І прыйдзе Асірыя ў Эгіпет, а Эгіпет — у Асірыю, і будуць служыць Госпаду Эгіпет і Асірыя. 
У той дзень Ізраіль будзе трэцім з Эгіптам і Асірыяй, дабраславеньнем пасярод зямлі, 
бо ГОСПАД Магуцьцяў дабраславіць іх, кажучы: «Няхай будзе дабраслаўлёны народ Мой, Эгіпет, і твор рук Маіх, Асірыя, і спадчына Мая, Ізраіль». 
