﻿ІСАЯ.
18.
Гора зямлі бразгатлівых крылаў, якая на другім баку рэкаў Кушу, 
якая пасылае паслоў праз мора ў лайбах з трысьнёгу па абліччы вады, кажучы: «Ідзіце, пасланцы шпаркія, да народу высокага і бліскучага, да народу страшнага здаўна і цяпер, да народу дужага, які топча ўсіх, зямлю якога перацінаюць рэкі». 
Усе жыхары сусьвету, якія засяляюць зямлю, глядзіце, калі ўзьнімецца сьцяг на гарах, і слухайце, калі затрубіць труба! 
Бо гэта сказаў мне ГОСПАД: «Я буду ў супакоі і буду глядзець з месца сялібы Маёй, як цеплыня ясная пры сьвятле сонца, як воблака роснае ў сьпёку жніва». 
Бо перад жнівом, калі адквітнее вінаград і нясьпелае станецца сьпелымі гронкамі, тады Ён абрэжа галіны сярпом, а атожылкі абсячэ і выкіне. 
І будуць яны пакінутыя для драпежных птушак на гарах і для скаціны на зямлі; і летам будуць імі жывіцца драпежныя птушкі, а ўся скаціна зямлі будзе імі жывіцца зімою. 
У той час прынясе дар для ГОСПАДА Магуцьцяў народ высокі і бліскучы, народ страшны здаўна і цяпер, народ дужы, які топча ўсё, зямлю якога перацінаюць рэкі, прынясе на месца ГОСПАДА Магуцьцяў, на гару Сыён. 
