﻿ІСАЯ.
17.
Цяжар адносна Дамаску. Вось, Дамаск перастане быць горадам, і станецца купай руінаў. 
Пакінутыя будуць гарады Араэру і стануцца выганам для чародаў, і будуць адпачываць там, і ніхто ня будзе палохаць іх. 
І зьнікнуць гарады ўмацаваныя з Эфраіму і валадарства — з Дамаску, а рэшта Араму будзе як слава сыноў Ізраіля, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
І станецца ў той дзень, што слава Якуба зьменшыцца, а тлустасьць цела ягонага схуднее. 
І станецца так, нібыта жнец жне збожжа і рамяно ягонае зразае каласы. І станецца, нібыта зьбіраюць каласы ў даліне Рэфаім. 
І застанецца ў яго недазьбіранае, як бывае пры зборы алівак, дзьве або тры аліўкі на самым версе, чатыры або пяць на галінках плодных, кажа ГОСПАД, Бог Ізраіля. 
У той дзень будзе ўглядацца чалавек на Таго, Хто зрабіў яго, і вочы ягоныя будуць глядзець на Сьвятога Ізраіля. 
І ня будзе ён углядацца на ахвярнікі, працу рук ягоных, і на тое, што зрабілі пальцы ягоныя, ня будзе ён глядзець на Астартаў і на выявы сонца. 
У той дзень умацаваныя гарады ягоныя будуць, як пакінутыя гарады ў лясах і на вяршынях гор, якія пакінулі перад сынамі Ізраіля, і будзе там пустэча. 
Бо ты забыўся на Бога збаўленьня твайго і пра скалу апоры тваёй ня памятаў, і таму ты пасадзіў сады для пацяшэньня і пасеяў вінаград чужынскі. 
У дзень, калі ты садзіў яго, ты клапаціўся, каб яно расло і каб пасеянае табой рана расквітнела, але прападзе жніво ў дзень немачы і болю невылечнага. 
Гора! Мноства шматлікіх народаў, яны шумяць як шуміць мора. Гармідар плямёнаў, яны бушуюць, як бушу­юць воды магутныя. 
Бушуюць плямёны, як бушуюць воды вялікія; але пасварыцца на іх Бог, і яны ўцякуць далёка, і будуць падхопленыя ветрам як мякіна на гарах і як круціцца віхор перад бурай. 
Прыйшоў час вечаровы, і вось, вусьціш! І перад раніцай ужо няма яго. Гэткая доля тых, якія нас рабавалі, такі лёс крыўдзіцеляў нашых. 
