﻿ІСАЯ.
14.
І блізкі ўжо час ягоны, і дні ягоныя ня будуць цягнуцца. Бо зьлітуецца ГОСПАД над Якубам, і зноў выбярэ Сабе Ізраіля, і зьмесьціць іх у зямлі іхнія; і далучыцца да іх прыхадзень, і будзе належаць да дому Якуба. 
І возьмуць іх народы, і завядуць іх да месца іхняга, і атрымае іх дом Ізраіля ў зямлі ГОСПАДА як слугаў і служак. І яны палоняць тых, якія іх паланілі, і будуць мець уладу над крыўдзіцелямі сваімі. 
І станецца ў дзень, калі ГОСПАД дасьць табе супачынак ад пакутаў тваіх, ад гароты тваёй і ад працы цяжкай, якую ты мусіў рабіць, 
што ўзьнясеш ты гэтую прыповесьць пра валадара Бабілонскага, і скажаш: «Як надыйшоў канец крыўдзіцелю, спыніліся зьдзекі ягоныя! 
Паламаў ГОСПАД кій бязбожнікаў, дубец тых, што пануюць, 
які біў народы ў лютасьці, б’ючы няспынна, які ў гневе меў уладу над народамі, перасьледуючы іх без шкадаваньня. 
Супачыла, супакоілася ўся зямля, сьпявае радасна. 
Нават кіпарысы і кедры лібанскія радуюцца дзеля цябе, кажучы: “Калі ты зьлёг, ні­хто не прыходзіць сьсякаць нас”. 
Апраметная, што ўнізе, затрэслася дзеля цябе, каб выйсьці насустрач прыходу твайму, абудзіць дзеля цябе памёршых, усіх правадыроў зямлі, і падняць з пасадаў іхніх усіх валадароў народаў. 
Усе яны адкажуць і скажуць табе: “Таксама ты саслабеў, як і мы, стаўся падобным да нас”. 
Укінута ў апраметную пыха твая і гукі гусьляў тваіх. Паслана пад табою чарвямі, і чарвяк — накрыцьцё тваё. 
Як ты зваліўся з неба, дзяньніца, сын зараніцы? Разьбіўся аб зямлю той, які перамагаў народы. 
Ты казаў у сэрцы тваім: “Узыйду на неба і вышэй зорак Божых пастаўлю пасад мой, і сяду на гары зграмаджэньня, на скраю поўначы, 
падымуся па-над вяршыні аблокаў, буду падобны да Найвышэйшага”. 
Але ты скінуты ў пекла, на самае дно! 
Тыя, што ўбачаць цябе, будуць прыглядацца да цябе і разважаць: “Ці ж гэта ня той муж, які ўстрасаў зямлю, хістаў валадарствы, 
які ўвесь сусьвет зрабіў пустыняю, а гарады ягоныя руйнаваў, які палонных сваіх не адпускаў дадому?” 
Усе валадары народаў, усе яны ляжаць у славе, кожны ў доме сваім, 
а ты выкінуты з магілы тваёй як парасьць абрыдлая, ты аточаны забітымі, прабітымі мячом, якіх кладуць на камянях ямы магільнай, як труп растаптаны. 
Ты ня будзеш далучаны да іх у магіле, бо ты загубіў зямлю тваю, пазабіваў народ твой. Ня будзе ўзгадвацца на вякі насеньне злачынцаў. 
Падрыхтуйце разьню для сыноў ягоных за беззаконьне бацькоў іхніх, каб яны не паўсталі, і ня ўзялі ў спадчыну зямлю, і не напоўнілі аблічча сусьвету гарадамі сваімі». 
І Я паўстану супраць іх, кажа ГОСПАД Магуцьцяў, і выгублю імя Бабілону, і рэшту, і нашчадка, і ўнука, кажа ГОСПАД. 
І Я зраблю яго паселішчам вожыкаў і возерам водным, і вымяту яго мятлою зьнішчэньня, кажа ГОСПАД Магуцьцяў. 
Прысягнуў ГОСПАД Магуцьцяў, кажучы: «Сапраўды, як Я задумаў, так і станецца, і што Я вырашыў, тое споўніцца. 
Я скрышу Асірыю на зямлі Маёй і на гарах Маіх стапчу яе. І здымецца з іх ярмо ейнае, і цяжар ейны зваліцца з плячэй іхніх. 
Гэта рада, якая раджаная адносна ўсёй зямлі, і гэта рука, якая выцягнутая над усімі народамі. 
Бо ГОСПАД Магуцьцяў вырашыў, і хто перашкодзіць? І рука Ягоная выцягнутая, і хто адверне яе?» 
У год сьмерці валадара Ахаза быў такі цяжар ад Госпада: 
«Ня радуйся, уся зямля Філістынская, што зламаны дубец, які біў цябе, бо з кораня зьмяінага выйдзе га­дзюка, і плодам яе будзе гадзіна крылатая. 
І будуць пасьвіцца першародныя бедных, і ўбогія адпачнуць бясьпечна, а корань твой Я вымару голадам і выб’ю рэшту тваю. 
Галасі, брама! Крычы, горад! Дрыжы, уся зямля Філістынская! Бо з поўначы прыходзіць дым, і ніхто не адстае ад дружынаў ягоных. 
І што адкажуць пасланцам народаў? Тое, што ГОСПАД заснаваў Сыён і ў ім маюць надзею прыгнечаныя з народу Ягонага». 
