﻿ІСАЯ.
13.
Цяжар адносна Бабілону, які бачыў Ісая, сын Амоса. 
На лысай гары пастаўце знак, узьніміце крык супраць іх. Махайце рукою, каб увайшлі ў брамы магнатаў. 
Я загадаў пасьвячоным Маім, у гневе Маім паклікаў волатаў Маіх, якія цешацца велічнасьцю Маёй. 
Голас мноства ў гарах, быццам народу шматлікага, голас гоману валадарстваў, народаў, якія сабраліся разам. ГОСПАД Магуцьцяў аглядае войскі для вайны. 
Прыходзяць з зямлі далёкай, з канцоў неба ГОСПАД і прылады гневу Ягонага, каб спустошыць усю зямлю. 
Галасіце, бо блізкі дзень ГОСПАДА, ён прыходзіць як спусташэньне ад Усемагутнага. 
Дзеля гэтага ўсе рукі слабеюць і ўсе сэрцы людзей млеюць. 
І яны трымцяць. Боль і мучэньні ахапілі іх, яны качаюцца ад болю, як тая, што нараджае, і адзін на другога глядзяць аслупянела, палымнеюць абліччы іхнія. 
Вось, дзень ГОСПАДА надыходзіць, бязьлітасны, поўны абурэньня і полымя гневу, каб зямлю зрабіць пустэчаю і грэшнікаў ейных выгубіць з яе. 
Бо зоркі нябесныя і сузор’і іхнія ня будуць сьвяціць сьвятлом сваім, сонца зацемрыцца пры ўзыходзе сваім і месяц ня будзе зьзяць сьвятлом сваім. 
І Я пакараю ў сусьвеце зло, і бязбожнікаў — за беззаконьне іхняе, і спыню пыху ганарлівых, і прыніжу фанабэрыю крыўдзіцеляў. 
І Я зраблю мужа каштоўнейшым, чым золата найчысьцейшае, і чалавека — каштоўнейшым, чым золата з Афіру. 
Дзеля гэтага Я ўзварухну неба, і зямля захістаецца на месцы сваім ад абурэньня ГОСПАДА Магуцьцяў, у дзень, калі запалае гнеў Ягоны. 
І станецца, што кожны як сарна, якая ўцякае, і як авечка, якой няма каму пась­віць, вернецца да народу свайго і кожны ўцячэ ў зямлю сваю. 
Кожны, хто будзе знойдзены, будзе прабіты дзідай, і кожны, хто будзе схоплены, упадзе ад мяча. 
І дзеці іхнія будуць пасечаныя на вачах іхніх, дамы іхнія будуць абрабаваныя, а жонкі іхнія — зьняслаўленыя. 
Вось, Я ўзьніму супраць іх Мідзянаў, якія ня думаюць пра срэбра і ня маюць упадабаньня ў золаце. 
І будуць забіваць юнакоў лукі іхнія, і яны ня будуць мець літасьці да плоду ўлоньня і ня будзе шкадаваць сыноў вока іхняе. 
І станецца, што Бабілон, краса валадарстваў, аздоба гонару Халдэйцаў, будзе зруйнаваны Богам як Садом і Гамора. 
Ня будзе ён абжыты на вякі, і ня будзе заселены з пакаленьня ў пакаленьне, і не паставіць там Араб намёт, пастухі ня будуць адпачываць там. 
І будуць там вылежвацца зьвяры пустыні, і совы напоўняць дамы іхнія, і будуць жыць там страусы, і казлы будуць скакаць там. 
І будуць скавытаць шакалы ў хорамах іхніх, і цмокі — у палацах раскошных. 
