﻿ІСАЯ.
11.
І выйдзе Парасьць з пня Есэя, і Парастак вырасьце з кораня ягонага, 
І супачыне на Ім Дух ГОСПАДА, дух мудрасьці і розуму, дух рады і магутнасьці, дух веданьня і страху перад ГОСПАДАМ. 
І ўпадабаньне Ягонае — у страху перад ГОСПАДАМ, і Ён будзе судзіць не паводле погляду вачэй Сваіх, і не паводле слыху вушэй Сваіх будзе да­ваць прысуд, 
але Ён будзе судзіць бедных паводле праведнасьці і пакорным зямлі будзе даваць суд паводле справядлівасьці. І Ён ударыць зямлю кіем вуснаў Сваіх, і подыхам вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка. 
І станецца праведнасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, а вернасьць — поясам на паясьніцы Ягонай. 
І будзе жыць воўк з ягнём, а леапард з казьлянём будуць ляжаць, цяля і леў, і кормнае цяля будуць разам, і малы хлопчык паганяць іх будзе. 
Карова і мядзьведзіца будуць пасьвіцца разам, а іх дзіцяняты будуць ляжаць побач, і леў будзе есьці салому, як вол. 
І немаўля будзе гуляць каля нары гадзюкі, і дзіцятка выцягне руку сваю да гнязда зьмяі. 
Ня будуць рабіць зла і ня будзе зьнішчэньня на ўсёй гары Маёй сьвятой, бо зямля будзе напоўнена веданьнем ГОСПАДА, як воды напаўня­юць мора. 
І станецца ў той дзень, што корань Есэя будзе стаяць як знак для народаў. Яго будуць шукаць народы, і будзе слаўным месца супачынку Ягонага. 
І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз выцягне руку сваю, каб выку­піць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх. 
І Ён падыме знак для народаў, і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і пазьбірае расьцярушаньне Юды з чатырох канцоў зямлі. 
І спыніцца зайзд­расьць Эфраіма, і будуць выгубленыя ненавісьнікі Юды. Эфраім ня будзе зайздросьціць Юдзе, а Юда ня будзе ваяваць суп­раць Эфраіма. 
І яны паляцяць на плечы Філістынцаў да мора, і разам абрабуюць сыноў Усходу; на Эдом і на Мааў накладуць рукі свае, і сыны Амона будуць ім падуладнымі. 
І ГОСПАД паложыць закляцьце на затоку мора Эгіпецкага, і патрасе рукою Сваёй над ракою ў моцы ветру Свайго, і разьдзеліць яе на сем ручаінаў, і можна будзе перайсьці яе ў сандалах. 
І будзе шырокая дарога для рэшты народу Ягонага, якія застануцца з выгнаньня ў Асірыю, як гэта было ў той дзень для Ізраіля, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай. 
