﻿ІСАЯ.
8.
І сказаў ГОСПАД да мяне: «Вазьмі сабе табліцу вялікую і напішы на ёй літарамі чалавечымі: “Магер-Шалал-Хаш-Баз”». 
І ўзяў я для сябе сьведкаў верных — Урыю сьвятара і Захарыю, сына Евэрэхіі. 
І я наблізіўся да прарочыцы, і яна зачала, і нарадзіла сына. І сказаў ГОСПАД мне: «Назаві імя ягонае Магер-Шалал-Хаш-Баз, 
бо перш, чым хлопец навучыцца клікаць “тата мой” і “мама мая”, занясуць багацьці Дамаску і здабычу Самарыі перад аблічча валадара Асірыйскага». 
І працягнуў ГОСПАД прамаўляць да мяне яшчэ, кажучы: 
«За тое, што народ гэты адкідае воды Шыляаху, якія цякуць паволі, а захапляецца Рэцынам і сынам Рэмаліі, 
таму вось, Госпад узьніме на іх воды ракі, магутныя і шматлікія — валадара Асірыйскага і ўсю славу ягоную, і ўзьнімецца рака па-над усе рэчышчы свае, і выльецца з усіх берагоў сваіх; 
і разальецца ў Юдзе, і затопіць яго, і падымецца высока аж да шыі, і крылы ейныя будуць раскінутыя на ўсю шырыню зямлі тваёй, Іммануэль!» 
«Рабіце ліхоту, народы, і будзеце напалоханыя, і прыхіліце вуха, усе землі далёкія! Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя. Падперажыцеся, і будзеце напалоханыя! 
Радзьце раду, што рабіць, і яна ня зьдзейсьніцца. Прамаўляйце слова, і ня станецца паводле яго, бо з намі Бог». 
Бо гэта сказаў мне ГОСПАД, калі схапіў мяне рукою і перасьцярог мяне, каб я не хадзіў шляхам народу гэтага, кажучы: 
«Не называйце змовай тое, што народ гэты заве змовай, і таго, чаго ён баіцца, ня бойцеся і не палохайцеся. 
ГОСПАДА Магуцьцяў, Яго сьвяціце, Ён — страх ваш, і Ён няхай палохае вас. 
І Ён будзе сьвятыняй, камянём спатыкненьня і скалой спакусы для абодвух дамоў Ізраіля, пасткай і сілом для жыхароў Ерусаліму. 
І спатыкнуцца аб іх шматлікія, і ўпадуць, і разаб’юцца, патрапяць у сіло і будуць злоўленыя». 
Завяжы сьведчаньне, запячатай Закон унутры вучняў Маіх. 
І я буду чакаць ГОСПАДА, Які хавае аблічча Сваё ад дому Якуба, і буду спадзявацца на Яго. 
Вось я і дзеці, якіх даў мне ГОСПАД. Мы — на знак і на перасьцярогу ў Ізраілі ад ГОСПАДА Магуцьцяў, Які жыве на гары Сыён. 
І калі скажуць вам: «Спытайцеся ў тых, якія выклікаюць духаў памерлых і ў варажбітоў, якія цьвіркочуць і мармычуць», адкажыце: «Ці ж народ ня мусіць зьвяртацца да Бога свайго? Ці ж у памёршых пытацца пра жывых?» 
Зьвяртайцеся да Закону і да сьведчаньня! Калі яны ня будуць казаць паводле слова гэтага, няма для іх сьвятла зараніцы. 
І будзе ён бадзяцца па зямлі ўцісканы і галодны. І станецца, калі ён згаладнее, будзе гневацца і будзе праклінаць валадара свайго і Бога свайго, і гляне ўгару, 
і паглядзіць на зямлю, і вось, гора і цемра, і цемрадзь уціску, і змрок непраглядны. Але ня будзе цемрадзь назаўсёды для таго, хто ўцісканы. 
