﻿ІСАЯ.
7.
І сталася ў дні Ахаза, сына Ётама, сына Узіі, валадара Юды, пайшоў Рэцын, валадар Сірыі, і Пэках, сын Рэмаліі, валадар Ізраілю, вая­ваць супраць Ерусаліму, але не маглі здабыць яго. 
І паведамілі дому Давіда, кажучы: «Сірыя стала табарам у Эфраіме!» І задрыжэла сэрца валадара і сэрца народу ягонага, як хістаюцца дрэвы ў лесе ад ветру. 
І сказаў ГОСПАД Ісаі: «Выйдзі насустрач Ахазу, ты і Шэар-Яшуб, сын твой, на канец каналу верхняй сажалкі, на дарогу Поля Валюшніка, 
і скажаш яму: “Сьцеражыся і будзь у супакоі, ня бойся, і няхай сэрца тваё ня слабне з прычыны гэтых двух рэштак галавешак, якія дымяць, перад полымем гневу Рэцына, і Сірыі, і сына Рэмаліі, 
бо вырашылі ўчыніць супраць цябе ліха Сірыя, Эфраім і сын Рэмаліі, кажучы: 
“Пойдзем на Юду, напалохаем яго, і здабудзем яго для сябе, і паставім над ім валадаром сына Табээля!” 
Гэта кажа Госпад ГОСПАД: Ня станецца гэтага, і нічога ня будзе! 
Бо галава Сірыі — Дамаск, а галава Дамаску — Рэцын. Яшчэ шэсьцьдзясят пяць гадоў, і будзе Эфраім зламаны, і ня будзе народам. 
А галава Эфраіма — Самарыя, і галава Самарыі — сын Рэмаліі. Калі не паверыце, не ўтрымаецеся”». 
І зноў прамовіў ГОСПАД да Ахаза, кажучы: 
«Прасі сабе знак у ГОСПАДА, Бога твайго, ці ў глыбіні адхлані, ці высока ўгары». 
І сказаў Ахаз: «Ня буду прасіць і ня буду спакушаць ГОСПАДА». 
І сказаў Ісая: «Слухайце, дом Давіда! Ці ж мала вам быць цяжарам для людзей, што вы таксама абцяжарваеце Бога майго? 
Дзеля гэтага Госпад Сам дасьць вам знак. Вось, Дзева зачне і народзіць Сына, і назаве імя Ягонае Іммануэль. 
Масла і мёд Ён будзе есьці, пакуль не навучыцца адкідаць зло і выбіраць дабро. 
Бо перш, чым хлопец навучыцца адкідаць зло і выбі­раць дабро, будзе пакінутая зямля, якая перад абліччам двух валадароў, якіх ты баішся. 
Прывядзе ГОСПАД на цябе, і на народ твой, і на дом бацькі твайго дні, якіх не было ад дзён, калі адлучыўся Эфраім ад Юды, прывядзе валадара Асірыйскага. 
І станецца ў той дзень, засьвішча ГОСПАД да мухі, якая на канцы рэкаў Эгіпту, і да пчалы ў зямлі Асірыі. 
І яны прыляцяць, і абсядуць усе ўзбоччы яроў і шчыліны скалаў, усе цярніны і ўсе хмызьнякі. 
У той дзень абголіць Госпад лязом, нанятым за ракою, валадаром Асірыйскім, галаву і валасы на нагах, і таксама бараду абрэжа. 
І станецца ў той дзень, што кожны будзе гадаваць карову і дзьве авечкі, 
і станецца дзеля вялікага ўдою малака будзе есьці масла, бо масла і мёд будзе есьці кожны, хто застанецца ў зямлі гэтай. 
І станецца ў той дзень, што ўсякае месца, дзе была тысяча вінаградных лозаў, вартых тысячы сыкляў срэбра, стане цернем і асотам. 
Са стрэламі і лукамі будуць хадзіць там, бо ўся зямля стане цернем і асотам. 
А на ўсе горы, якія абрабляліся матыкаю, ніхто ня пойдзе туды, баючыся церняў і асоту; і стануцца яны выганам для валоў і на таптаньне для ягнятаў». 
