﻿ІСАЯ.
3.
Вось Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў, забярэ ў Ерусаліма і ў Юды моц і падпору, усю падпору хлеба і ўсю падпору вады, 
волата і ваяра, судзь­дзю і прарока, прадказальніка і старосту, 
пяцідзясятніка і магната, радніка і мудрага ў мастацтве, і здольнага ў загаворваньні. 
І дам ім за князёў юнакоў, і хлапчукі будуць панаваць над імі. 
І ў народзе адзін будзе ўціскаць другога, і кожны — бліжняга свайго; юнак будзе зьневажаць старога, і нікчэмны — паважанага. 
Тады схопіць чалавек брата свайго ў доме бацькі свайго і скажа: «Ты маеш адзеньне, дык будзь кіраўніком нашым, і няхай будуць руіны гэтыя пад рукой тваёй». 
А той падымецца ў дзень той, кажучы: «Не магу перавязаць раны, і ў доме маім няма ані хлеба, ані адзеньня. Ня стаўце мяне кіраўніком народу». 
Бо спатыкаецца Ерусалім, і Юда падае, бо язык іхні і ўчынкі іхнія — супраць ГОСПАДА, яны бунтуюцца ў вачах славы Ягонай. 
Выраз аблічча іхняга сьведчыць супраць іх, як Садом выяўляюць яны грэх свой і не хаваюць яго. Гора душы іхняй, бо яны самі сабе рыхтуюць зло. 
Скажыце праведніку, што будзе добра яму, бо ён будзе спажываць плод учынкаў сваіх. 
А ліхотніку — гора, бо ён атрымае ліха, бо адплата яму будзе паводле ўчынкаў рук ягоных. 
Народзе Мой, немаўля цябе крыўдзіць, а жанчыны над табой пануюць. Народзе Мой, правадыры твае ашукваюць цябе і шлях сьцежкі тваёй блытаюць. 
Падняўся ГОСПАД, каб праводзіць суд, і стаіць, каб судзіць народы. 
ГОСПАД ідзе на суд старшыняў народу Свайго і князёў ягоных: «Гэта вы спустошылі вінаграднікі, і зрабаванае ў беднага — у дамах вашых. 
Якім правам вы ўціскаеце народ Мой і засмучаеце абліччы ўбогіх? — кажа Госпад, ГОСПАД Магуцьцяў». 
І сказаў ГОСПАД: «За тое, што дочкі Сыёну заганарыліся і, выцягваючы, выцягваюць шыю, і міргаюць вачыма, крочаць дробнымі крокамі і зьві­няць бранзалетамі на нагах сваіх, 
Госпад зробіць, што лысымі стануць галовы дачок Сыёну, і ГОСПАД аголіць сорам іхні. 
У той дзень паскідае Госпад аздобу бранзалетаў, і зорачкі, і паўмесяцы, 
кольцы, нараменьнікі і вэлюмы, 
дыядэмы і ланцужкі на нагах, і стужкі, і бутэлечкі з пахошчамі, і амулеты, 
пярсьцёнкі і колцы для носу, 
выкшталцоныя сукенкі і накідкі, шалі і торбачкі, 
і люстэркі, і ценькую бялізну, абвіцьці і лёгкія сукенкі. 
І станецца замест прыемных пахаў — смурод, замест поясу — вяроўка, замест учасаных валасоў — лысіна, замест багатай вопраткі — цесны мяшок, замест красы — ганьба. 
Мужчыны твае пагінуць ад мяча, і рыцары твае — на вайне. 
І загалосяць, і жалобай апрануцца брамы ейныя, і будзе яна спустошаная, і сядзе на зямлі. 
