﻿ПЕСЬНЯ.
7.
«Агляніся, агляніся, Шуламянка, агляніся, агляніся, і мы паглядзім на цябе». «Што вы глядзіце на Шуламянку, нібы на танец двух карагодаў?» 
«Якія прыгожыя ногі твае ў сандалах, дачка шляхетная! Выгін клубоў тваіх як аздобны абруч, які зроблены рукою майстра. 
Улоньне тваё — як чаша круглая, ніколі не забракне ў ёй віна мяшанага; жывот твой — як сноп пшаніцы, абстаўлены лілеямі. 
Двое грудзей тваіх — як двое казьлянятаў, блізьнятаў сарны. 
Шыя твая — як вежа з косьці слановае. Вочы твае — як сажалкі ў Хешбоне, каля брамы Бат-Раббім. Нос твой — як вежа Лібану, што глядзіць у бок Дамаску. 
Галава твая над табою — як Кармэль, а валасы на галаве тваёй — як пурпур. Валадар зьвязаны косамі тваімі. 
Якая ты прыгожая і якая прыемная, каханая, у асало­дзе тваёй! 
Стан твой гонкі, як пальма, а грудзі — як гронкі вінаградныя. 
Я сказаў: “Узьлезу я на пальму і схаплю гронкі яе”, і будуць грудзі твае як гронкі вінаградныя, і пах подыху твайго — як пах яблыкаў. 
Вусны твае — як віно найлепшае, якое ліецца да любага, асалоджваючы вусны стомленыя». 
«Я належу любаму майму, і да мяне памкненьне ягонае. 
Прыйдзі, любы мой, пойдзем у поле, пераначуем за горадам. 
Устанем раніцай, наведаем вінаграднікі, паглядзім, ці заквітнеў вінаград, ці распусьціліся кветкі ці цьвітуць дрэвы гранатовыя, там я дам табе каханьне маё. 
Мандрагоры разьліваюць водар, у дзьвярах нашых усякія плады адборныя, новыя і старыя, якія я, любы мой, захавала для цябе». 
