﻿ЭКЛЕЗІЯСТ.
10.
Мёртвая муха робіць сьмярдзючым алей, і вылівае яго знаўца пахошчаў. Больш важыць малое глупства, чым мудрасьць і слава. 
Сэрца мудрага зьвяртаецца ў правы бок, а сэрца дурня — у левы. 
Нават калі дурны ідзе дарогаю, яму не хапае розуму, і ён пакажа ўсім, што дурны. 
Калі гнеў вялікага пана ўзьнімецца супраць цябе, заставайся на месцы сваім, бо цьвярозыя паводзіны залагоджваюць вялікія правіны. 
Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, нібыта памылка, якая выходзіць ад аблічча ўладара: 
дурань пастаўлены на высокасьці вялікай, а багатыя сядзяць нізка. 
Бачыў я слугаў на конях, і князёў, якія як слугі, ідуць па зямлі. 
Хто капае яму, той упадзе ў яе, а таго, хто ломіць агароджу, укусіць зьмяя. 
Хто перасоўвае камяні, можа скалечыцца імі, і хто коле дровы, можа быць у небясьпецы ад іх. 
Калі ступіцца жалезная сякера і лязо яе не навострана, трэба больш прыкладаць сілы, але больш карысьці будзе скарыстацца мудрасьцю. 
Калі ўкусіць зьмяя незагавораная, няма ўжо карысьці ад таго, хто ўмее загаворваць. 
Словы вуснаў мудрага — прыемнасьць, але вусны дурня губяць яго самога. 
Пачатак словаў вуснаў ягоных — глупота, а канец прамовы вуснаў ягоных – ліхое шаленства. 
Бязглузды памнажае словы, хоць ня ведае чалавек, што будзе потым, і што пасьля яго станецца, хто распавядзе яму? 
Праца дурняў стамляе іх, бо ня ведае ён нават, як дайсьці ў горад. 
Гора табе, зямля, калі валадар твой — юнак, і калі твае князі ад раніцы ядуць. 
Шчасьлівая зямля, калі валадар — сын шляхетных, калі князі ядуць у час адпаведны для спасіленьня, а не каб нажэрціся. 
Дзе лянота, там правісае столь, і дзе апушчаны рукі, там працякае дом. 
Дзеля забавы ладзяць банкет, і віно разьвесяляе жыцьцё, а срэбра адказвае за ўсё. 
Нават у думцы сваёй не кляні валадара, і ў спальні сваёй не кляні багатага, бо птушкі нябесныя занясуць голас твой, і тыя, што маюць крылы, распавядуць слова. 
