﻿ЭКЛЕЗІЯСТ.
9.
Да ўсяго гэтага я прыклаў сэрца сваё, каб спасьцігнуць усё гэта, што праведныя і мудрыя, і ўчынкі іхнія — у руцэ Божай, і таксама любоў і нянавісьць. І чалавек ня ведае ўсяго таго, што перад ім. 
Усё для ўсіх адно: адна доля для праведніка і для бязбожніка, для добрага і чыстага і для нячыстага, для таго, хто ахвяроўвае, і для таго, хто не ахвяроўвае, як для добрага, так і для грэшнага; як для таго, які прысягае, так і для таго, які прысягаць баіцца. 
І тое кепска ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам, што адна доля для ўсіх; і таксама сэрца сыноў чалавечых поўнае зла, і шаленства маюць яны ў сэрцы пад час жыцьця свайго, а потым адыходзяць да памёршых. 
Бо той, хто знаходзіцца між усімі жывымі, мае надзею, бо лепш жывы сабака, чым здохлы леў. 
Бо жывыя ведаюць, што памруць; а памёршыя нічога ня ведаюць, і ня маюць больш ніякай платы, бо забытая памяць пра іх. 
Таксама любоў іхняя і нянавісьць іхняя, і зайздрасьць іхняя ўжо счэзьлі, і ня ма­юць яны ўжо часткі на вякі ў-ва ўсім, што робіцца пад сонцам. 
Ідзі, еш з радасьцю хлеб твой і пі са спакойным сэрцам віно тваё, калі даспадобы Богу справы твае. 
Увесь час няхай будзе белым адзеньне тваё, і алею на галаве тваёй няхай не бракуе. 
Пражыві жыцьцё з жонкаю, якую кахаеш, у-ва ўсе дні марнага жыцьця твайго, якія дадзены табе пад сонцам на ўвесь час марнасьці тваёй, бо гэта частка твая ў жыцьці і ў-ва ўсёй цяжкай працы, якою працуеш пад сонцам. 
Усё, што можа зрабіць рука твая, рабі паводле сілы тваёй, бо ў адхлані, у якую ты ідзеш, няма ані справаў, ані разуменьня, ані веданьня, ані мудрасьці. 
І павярнуўся я, і ўбачыў пад сонцам, што ня шпаркім даецца пасьпяховы бег і не магутным — перамога ў вайне, і ня мудрым — хлеб, і не разумным — багацьце, і ня знаўцам — зычлівасьць, бо ад часу і выпадку залежыць усё гэта. 
Бо таксама ня ведае чалавек часу свайго. Як рыбы трапляюць у згубную сетку, і як птушкі заблытваюцца ў сіле, так сыны чалавечыя патрапляюць у ліхі час, які прыходзіць на іх нечакана. 
Таксама бачыў я такую мудрасьць пад сонцам, і вялікай яна падалася для мяне: 
Горад малы, і людзей у ім няшмат, і прыйшоў да яго вялікі валадар, і атачыў яго, і насыпаў супраць яго вялікія валы. 
І знайшоўся ў ім чалавек бедны і мудры, і выратаваў горад той мудрасьцю сваёю; і ніводзін чалавек не ўзгадаў гэтага беднага чалавека. 
І я сказаў: “Мудрасьць лепшая за сілу, але мудрасьцю беднага пагарджаюць, і словаў ягоных ня слухаюць”. 
Спакойныя словы мудрых паслухаць лепш, чым крык таго, хто пануе сярод дурняў. 
Мудрасьць лепшая за зброю ваенную, а адзін грэшнік зьнішчыць шмат добрага. 
