﻿ЭКЛЕЗІЯСТ.
6.
Ёсьць ліха, якое я бачыў пад сонцам, і цяжкае яно для чалавека: 
Чалавек, якому Бог дае багацьце, і маёмасьць, і славу, і няма ніякай нястачы для душы ягонай ні ў чым, чаго не пажадаў бы ён, і не дае яму Бог улады, каб спажыць гэта, але чужы чалавек спажывае тое. Гэта марнасьць і ліхая немач. 
Калі б нарадзіў чалавек сто дзяцей, і пражыў шмат гадоў, і было б шмат дзён гадоў ягоных, але душа ягоная не насыцілася дабром, і нават не было б магілы для яго, я скажу, што лепшая доля спарона, чым таго чалавека. 
Бо ён прыйшоў як мар­насьць, і ў цемру ідзе, і цемраю пакрыта імя ягонае, 
нават ня ўбачыў ён сонца, і нічога не спазнаў, але мае большы спакой, чым чалавек той. 
І хоць бы той чалавек жыў дзьве тысячы гадоў, і ня ўбачыў дабра, ці ж не ў адно месца ўсе ідуць? 
Уся цяжкая праца чалавека — дзеля вуснаў ягоных, але душа ягоная не насычаецца. 
Бо чым лепшы мудры за дурня? Чым лепшы прыгнечаны, які ведае, як хадзіць перад жывымі? 
Лепш тое, што бачаць вочы, чым тое, куды імкнецца душа. Таксама гэта — марнасьць і пагоня за ветрам. 
Хто як названы, такое імя ягонае; і вядома, што ён — чалавек, і ня можа ён судзіцца з тым, хто мацнейшы за яго. 
Дзе шмат слоў, там памнажаецца марнасьць; і што мае з гэтага чалавек? 
Бо хто ведае, што добра для чалавека ў жыцьці, у палічаных днях марнага жыцьця, якое праходзіць, як цень? І хто распавядзе чалавеку, што будзе пасьля яго пад сонцам? 
