﻿КНІГА ЭКЛЕЗІЯСТА.
1.
 Слова Эклезіяста, сына Давіда, валадара ў Ерусаліме. 
Марнасьць марнасьцяў, сказаў Эклезіяст, марнасьць марнасьцяў, усё — марнасьць. 
Якая карысьць чалавеку з усёй цяжкай працы ягонай, якую ён робіць пад сонцам? 
Пакаленьне адыходзіць і пакаленьне прыходзіць, а зямля на вякі трывае. 
Узыйшло сонца, і зайшло сонца, і сьпяшаецца на месца сваё, дзе яно ўзыходзіць. 
Вецер ідзе на поўдзень і паварочвае на поўнач, кружляючы, кружляе, дзьме вецер і вяртаецца вецер на кружэньне сваё. 
Усе рэкі цякуць у мора, і мора не перапаўняецца; да месца, з якога рэкі цякуць, вяртаюцца яны, каб зноў адтуль выцякаць. 
Усе словы стамляюць, ня можа чалавек выказаць усяго. Не насыціцца вока гляджэньнем, і не напоўніцца вуха слуханьнем. 
Што было, тое і будзе, а што рабілася, тое і будзе рабіцца, і няма нічога новага пад сонцам. 
Бывае рэч, пра якую кажуць: “Глядзі, вось гэта новае”, але гэта было ўжо ў вяках, што былі перад намі. 
Няма памяці пра тых, што раней жылі, і таксама пра тых, што потым жыць будуць, ня будзе памяці ў тых, якія бу­дуць пасьля іх. 
Я, Эклезіяст, быў валадаром Ізраіля ў Ерусаліме. 
І аддаў я сэрца маё, каб шукаць і дасьледаваць з мудрасьцю ўсё, што дзеецца пад небам. Гэты кепскі занятак даў Бог сынам чалавечым, каб былі занятыя ім. 
Глядзеў я на ўсе справы, якія робяцца пад сонцам; і вось, усё — марнасьць і пагоня за ветрам. 
Крывое ня можна зрабіць простым, і тое, чаго няма, нельга палічыць. 
Сказаў я ў сэрцы маім, кажучы: “Вось, я ўзьвялічыўся і прыдбаў мудрасьці больш за ўсіх, што былі раней за мяне ў Ерусаліме; і сэрца маё ўбачыла шмат мудрасьці і веданьня”. 
І аддаў я сэрца маё, каб пазнаць мудрасьць і пазнаць шаленства і глупоту; і спазнаў, што і гэта — турбаваньне духа. 
Бо з вялікай мудрасьці шмат смутку, і хто павялічвае веданьне, павялічвае боль. 
