﻿ПРЫПОВЕСЬЦІ.
28.
Бязбожнік бяжыць, хоць ніхто не перасьледуе яго, а праведнікі ўпэўненыя, як ільвы. 
Дзеля правінаў зямлі шмат у ёй начальнікаў, а праз чалавека, які ведае і разважае, яна даўгавечная. 
Чалавек бедны, які ўціскае ўбогіх, як залеўны дождж, што пакідае бяз хлеба. 
Хто адступаецца ад закону, той хваліць бязбожніка, а хто захоўвае закон, той паўстае супраць ліхадзея. 
Ліхія людзі не разумеюць суду, а тыя, што шукаюць ГОСПАДА, разумеюць усё. 
Лепш бедны, які ходзіць у беззаганнасьці сваёй, чым той, які крывіць шляхі свае, дарма што багаты. 
Сын разумны захоўвае закон, а той, хто сябруе з абжорамі, сароміць бацьку свайго. 
Хто памнажае маёмасьць сваю адсоткам і ліхвай, той зьбі­рае яе для таго, хто літуецца над убогім. 
Хто адварочвае вуха сваё, каб ня чуць закону, таго малітва — брыдота. 
Хто схіляе правых на шлях зла, сам уваліцца ў яму сваю, а беззаганныя атрымаюць у спадчыну добрае. 
Мудры ў вачах сваіх чалавек багаты, але ўбогі, які мае розум, выспрабуе яго. 
Калі праведнікі перамагаюць — вялікая слава, а калі ўздымаюцца бязбожнікі, чалавек хаваецца. 
Той, хто хавае свае правіны, ня будзе мець посьпеху, а хто прызнаецца і пакідае іх, дазнае міласэрнасьці. 
Шчасьлівы чалавек, які мае трымценьне заўсёды, а хто робіць цьвёрдым сэрца сваё, трапіць у бяду. 
Леў рыклівы і мядзьведзь бадзяжны — гэта бязбожны пан над бедным народам. 
Правадыр, пазбаўлены розуму, робіць шмат крыўды, а хто ненавідзіць хцівасьць, прадоўжыць дні свае. 
Чалавек, абцяжараны крывёю душы другога, будзе бегаць да магілы, і ніхто не падтрымае яго. 
Хто ходзіць беззаганна, будзе ўратаваны, а крывадушны на шляхах сваіх упадзе на адным з іх. 
Хто абрабляе зямлю сваю, насыціцца хлебам, а хто гоніцца за марнасьцю, насыціцца беднасьцю. 
Чалавек верны мае шмат дабраславенстваў, а хто сьпяшаецца ўзбагацець, не пазьбегне пакараньня. 
Нядобра зважаць на аблічча, бо дзеля кавалку хлеба чалавек робіць беззаконьне. 
Сьпяшаецца да багацьця чалавек ліхога вока і ня ведае, што нястача прыйдзе на яго. 
Той, хто дакарае чалавека, знойдзе пасьля большую ласку, чым той, хто языком лісьлівіць. 
Хто абкрадае бацьку свайго і маці сваю і кажа: «Няма тут віны», той супольнік нішчыцелю. 
Душа надзьмутая ўзьнімае звадку, а хто спадзяецца на ГОСПАДА, будзе насычаны. 
Хто спадзяецца на сэрца сваё, той дурань, а хто ходзіць у мудрасьці, будзе збаўлены. 
Хто дае бедным, ня будзе мець нястачы, а хто хавае вочы свае, мецьме шмат праклёнаў. 
Калі бязбожнікі ўздымаюцца, людзі хаваюцца, а калі яны гінуць, памнажаюцца праведнікі. 
